viasna on patreon

Гары Паганяйла: “Якім бы рамантыкам я ні быў, я знаходжуся на зямлі”

2010 2010-11-23T11:45:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gary_paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Вядомы беларускі юрыст Гары Паганяйла накіраваў іск у Вярхоўны Суд Беларусі, патрабуючы вызваліць ад пасады прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, а таксама скасаваць яго рэгістрацыю як кандыдата ў прэзідэнты. Такія высновы грунтуюцца на тым, што А.Лукашэнка, як паведамляюць з 2001 г. незалежныя беларускія і 2010 г. – расійскія СМІ, пакутуе на псіхічнае захворванне. Акрамя таго, ён можа быць датычным да шэрагу крымінальным злачынстваў, у тым ліку да выкрадання палітычных апанентаў. Згодна з Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі, А.Лукашэнка не мае права знаходзіцца ва ўладзе і балатавацца на чацвёрты тэрмін, упэўнены Гары Паганяйла.

“Не толькі я, але і іншыя грамадзяне маюць звесткі, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пакутуе на псіхічнае захворванне, -- кажа Г.Паганяйла. – Дыягназ вядомы, нядаўна пра яго яшчэ раз нагадалі расійскія СМІ. Па маім перакананні, улічваючы гэтую акалічнасць, кампетэнтныя органы і сам Аляксандр Рыгоравіч павінны прадставіць не толькі звесткі пра склад сям’і і даходы, але і пра стан здароўя”.  З 1996 года, працягвае Гары Пятровіч, дзеючы кіраўнік дзяржавы пачаў здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні. Спачатку была ўчыненая ўзурпацыя ўлады ў выніку рэферэндума, потым пачаліся шматлікія эпізоды ўтрымання дзяржаўнай улады, захопленай неканстытуцыйным шляхам. “Найперш я маю на ўвазе палітычна матываваныя выкраданні грамадзянаў – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, -- тлумачыць юрыст. – Дадзеныя па гэтых справах былі прадстаўленыя следству, але Лукашэнка перашкодзіў расследаванню і, як мы ўсе ведаем, зрабіў аднаго з галоўных фігурантаў генеральным пракурорам”.  Далей, нагадвае Г.Паганяйла, былі сфальсіфікаваныя выбары, перанесеныя з 1999 года на 2001 год, і зноў гэта было зроблена дзеля ўтрымання ўлады. Потым -- неканстытуцыйны рэферэндум у 2004 годзе, калі “Лукашэнка не меў права ініцыяваць рэферэндум і выносіць на яго пытанне пра магчымасць бестэрмінова балатавацца”. Мэта была выканана, ён атрымаў магчымасць абірацца на вышэйшую пасаду дзяржавы незлічоную колькасць разоў. І хоць вынікі плебісцыту не мелі ніякай юрыдычнай сілы, Лукашэнка незаконна балатуецца на выбарах у 2006 годзе. “Усё гэта гаворыць пра змяненне канстытуцыйнага ладу. Пачыналася ўсё з народаўладдзя, але яно змянілася на ўзурпацыю ўлады адной асобай”, -- робіць выснову юрыст.

Спачатку Г.Паганяйла звярнуўся ў абедзьве палаты беларускага парламенту з прапановай на аснове артыкулу 88 Канстытуцыі змясціць А.Лукашэнку з пасады. Адказу пакуль няма, але “наўрад ці гэтыя ўлады, падмятыя пад сябе прэзідэнтам, вырашацца на нейкія сур’ёзныя крокі”. Потым правабаронца звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам з просьбай не рэгістраваць грамадзяніна Лукашэнку як кандыдата ў прэзідэнты. “Але яго зарэгістравалі, і ён ужо пачаў сваю агітацыйную кампанію, -- працягвае Гары Пятровіч. – Такім чынам, Цэнтральная камісія прыняла незаконнае рашэнне, парушыла парадак рэгістрацыі, вызначаны законам, а мой зварот ёю быў праігнараваны”.  Тады і быў пададзены іск ў Вярхоўны Суд. Такі парадак дзеянняў прапісаны ў законах.

“Я дзейнічаю прававымі спосабамі ў рамантычнай надзеі, што дзяржаўныя органы вырашаць справу паводле існуючага заканадаўства, -- каментуе правабаронца свае перспектывы ўзаемадзеяння з кампетэнтнымі дзяржструктурамі . --  Але, якім бы рамантыкам я ні быў, я знаходжуся на зямлі. Верагодна, праз дзень-другі я атрымаю вызначэнне суда з адмовай узбудзіць грамадзянскую справу з прычыны непадведамаснасці. Але наша барацьба не сканчаецца, яна толькі пачынаецца”. Па словах Г.Паганяйлы, ён дзейнічае як законапаслухмяны грамадзянін і спрабуе пераканаць іншых грамадзян Беларусі і беларусаў за мяжой, што Лукашэнку так доўга знаходзіцца ва ўладзе злачынна. “Імпічмент могуць правесці тоькі палаты парламента, але галоўны аргумент – народ і яго воля. Я апелюю да народа”, -- тлумачыць юрыст. Ён спадзяецца, што хаця б частка народу асэнсуе яго пазіцыю і пачне дзейнічаць разам з ім. Прынамсі, юрыдычныя довады (а іх Г.Паганяйла яшчэ 2 месяцы таму выклаў у артыкуле на старонках “Народнай волі”) адхілення ад улады Лукашэнкі пакуль не сустрэлі чаканых пярэчанняў ад іншых юрыстаў, кажа Гары Пятровіч, у тым ліку тых, хто працуе ў дзяржаўных органах. “Маўчанне – знак згоды, -- рэзюмуе праваабаронца”. Пакуль жа з пакетам сваіх зваротаў у органы ўлады і зыскаў у суды Гары Паганяйла азнаёміў місіі замежных назіральнікаў за выбарамі.          

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства