У судзе па адміністратыўных справах па горадзе Баранавічы і Баранавіцкаму раёну сёньня пачаўся разгляд пратаколаў, складзеных на 7 актывістаў каманды Мілінкевіча за несанкцыянаваны сход на прыватнай кватэры.
14 лютага сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча знаходзіліся ў кватэры сябра аднаго з іх, каб абмеркаваць свае дзеяньні, але сход нечакана быў спынены міліцыяй як "несанкцыянаваны". На ўсіх былі складзеныя адпаведныя пратаколы 167 адміністрацыйнага кодэксу. Баранавіцкая міліцыя ад камэнтароў адмовілася, паведамила Радыё Свабода.
Прадстаўнік групы актывістаў Карней Пятровіч лічыць той сход законным. Ён адразу ж накіраваў скаргі на дзеяньні міліцыі ў пракуратуру. Але дагэтуль адказу няма. Сёньня ж па хадайніцтву Карнея Пятровіча судзьдзя Аксана Кушава перанесла працэс на 16 сакавіка, каб дачакацца адказу з пракуратуры.
Аляксандар Мілінкевіч абяцаў юрыдычную і маральную падтрымку сябрам сваёй каманды з Баранавіч і назваў гэты выпадак анэкдатычным: "Улада, мне падаецца, у безнадзейным стане. Іх апанаваў абсалютны страх. Яны ўжо забараняюць сустракацца сябрам нашай ініцыятыўнай групы на кватэрах. А дзе ім сустракацца - у лесе ці ісьці ў аддзяленьне міліцыі. Гэта абсурднасьць абсалютная, і калі яны сябе так паводзяць, то гэта яшчэ раз сьведчыць, што ніякіх ілюзіяў сумленных выбараў больш няма. Яны робяць перасьлед нашых актывістаў, якія працуюць у строгай адпаведнасьці з законам".