Бялынічы: Агітаваць зараз можна не толькі ў Ліпавым гаі
Бялыніцкі райвыканкам перагледзеў сваё папярэднее рашэнне “Аб стварэнню ўмоў для правядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь” у частцы вызначэння месцаў для правядзення ў апавяшчальным парадку масавых мерапрыемстваў (сходаў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання), якія арганізуюцца кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і іх даверанымі асобамі. Пра гэта паведаміла сакратар Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Лідзія Шчацінка.
Па словах Лідзіі Шчацінкі, зараз у гарадскім пасёлку Бялынічы будзе дазволена ажыццяўляць масавыя мерапрыемствы па агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты амаль паўсюль. За аснову ўзята папярэдняе рашэнне райвыканкама, якое вызначала месцы, забароненыя для правядзення пікетавання пры зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты. Зараз прыхільнікам кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Бялынічах ва ўсіх месцах, акрамя тых, якія знаходзяцца на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў і ўнутры будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыяту, органаў і падраздзяленняў па надзвычайным сітуацыям, тэрыторый арганізацый, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва, унутры памяшканняў аб’ектаў таргоўлі і бытавога абслугоўвання насельніцтва, устаноў культуры.
Лідзія Шчацінка таксама паведаміла, што дадаткі да папярэдняга рашэння райвыканкама “Аб стварэнні ўмоў для правядзення перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь” с вызначэннем новых месцаў, дазволеных для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, будзе апублікаванае ў раённай газеце “Зара над Друццю” 24 лістапада.
Гаворыць назіральнік пры Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Барыс Вырвіч:
- Калі я даведаўся пра тое, што, згодна папярэдняга рашэння Бялыніцкага райвыканкама, для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатамі і іх даверанымі асобамі ў Бялынічах вызначана толькі пляцоўка перад сцэнай у Ліпавым гаі, то я адразу ж звярнуўся з адпаведнай вуснай скаргай у раённую камісію па выбарах прэзідэнта. Рашэнне было яўна дыскрымінацыйнае, яно значна абмяжоўвала магчымасці агітацыі за кандыдатаў у прэзідэнты. Ліпавы гай у Бялынічах – гэта месца на ўскрайку гарадскога пасёлка, дзе позняй восенню і зімой людзі амаль не ходзяць. Я прапанаваў пашырыць кола месцаў, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемствы ў падтрымку кандыдатаў, у прыватнасці, месцаў для пікетавання. Старшыня Бялыніцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама, Ірына Фурсава паабяцала давесці гэту прапанову да райвыканкама. Я задаволены, што Бялыніцкі райвыканкам прыняў узважанае рашэнне і значна палепшыў умовы для правядзення перадвыбарнай агітацыі прыхільнікам кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”