Журналісту «Газэты Выборчай» адмовілі ў магчымасці легальна працаваць на выбарах
Міністэрства замежных спраў Беларусі не дало згоды на акрэдытацыю журналіста ў сувязі з тым, што да гэтага ён працаваў на замежнае выданне без яе. У 2009 годзе Анджэя Пачобута пазбавілі акрэдытацыі, пасля чаго ён ажыццяўляў журналісцкую дзейнасць без адпаведнага дазволу МЗС.
Сп. Пачобут лічыць, што дзеянні ўладаў накіраваныя на абмежаванне атрымання інфармацыі пра выбарчы працэс.
«Відавочна, што прычына адмовы носіць фармальны характар і не адпавядае рэчаіснасці. Улады не маюць жадання праводзіць дэмакратычныя выбары, а хочуць стварыць "прыгожы малюнак". Зразумела, што людзі, якія працуюць на Беларусі ў якасці журналістаў па некалькі гадоў, нашмат лепш арыентуюцца ў палітычнай сітуацыі, чым тыя, хто прыязджае на пару дзён (маю на ўвазе замежных журналістаў). Відавочна, што ўлады хочуць чуць і бачыць выключна пазітыўную інфармацыю пра выбары, таму і ўзнікаюць праблемы з акрэдытацыяй у адпаведнай катэгорыі прадстаўнікоў мас-медыя», — выказаў сваё меркаванне службе маніторынгу БАЖ Анджэй Пачобут.
Акрамя Анджэя Пачобута, акрэдытацыі не атрымаў і фотакарэспандэнт «Газэты Выборчай», які да гэтага часу на Беларусі без акрэдытацыі на замежныя сродкі масавай інфармацыі не працаваў.
У сувязі з гэтым Анджэй Пачобут не выключае, што дзеянні Міністэрства замежных спраў могуць быць абумоўленыя выбарачным падыходам да замежных медыяў, якія крытычна выказваюцца аб палітычнай сітуацыі ў краіне.