Гродзенскія спецслужбы падчас выбараў працуюць па-старому
Пасля чарговага затрымання для асабістага дагляду пры перасячэнні мяжы на памежным пункце “Брузгі” яшчэ аднаго жыхара Гродна - літаратара і журналіста Радыё Рацыя, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменнікаў Юрыя Гуменюка - гродзенскія праваабаронцы на сваёй нарадзе прааналізавалі шматлікія затрыманні рэгіянальных актывістаў на мяжы.
Назіральнікі прыйшлі да высновы, што ініцыятыва затрымліваць і даглядаць актывістаў палітычных партый і грамадскіх арганізацый належыць менавіта гродзенскім спецслужбам, якія далі ў памежныя органы спісы грамадска-палітычных актывістаў. Высновы пра дачыненне да затрыманняў менавіта гродзенскіх спецслужбаў, а не агульнабеларускіх, зробленыя на падставе таго, што актывістаў і апазіцыйных лідараў з іншых абласцей за гэты перыяд на мяжы не затрымлівалі. Іх няма ў памежных спісах для затрымання, бо спецслужбы іншых абласцей Беларусі гэтага ад памежнікаў і мытнікаў не патрабуюць.
Зыходзячы з гэтага можна зрабіць выснову, што дзейнасць сілавых службаў Гродзеншчыны падчас гэтых прэзідэнцкіх выбараў застаецца такой жа, як і на мінулых. Заявы Цэнтральнай камісіі па выбарах і іншых уладных структураў пра лібералізацыю выбарчага працэсу хіба што не пераканалі іх у тым, што выбары могуць праходзіць без пільнага нагляду і маральнага ціску на дэмакратычных актывістаў і журналістаў.
Нагадаем, што за перыяд цяперашняй выбарчай кампаніі для асабістага дагляду на мяжы затрымлівалі Яна Романа, Юрыя Істоміна, Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча, Вадзіма Саранчукова, Яўгена Скрабутана, Міколу Баўсюка, Юрыя Гуменюка. Вадзім Саранчукоў і Яўген Скрабутан напісалі лісты ў памежны камітэт з патрабаваннямі растлумачыць прычыны, па якіх іх паставілі на кантроль. Адказ на гэты запыт ад памежнікаў яшчэ не прыйшоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”