На Гарадзеншчыне запалохваюць апазіцыянераў
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў усё часьцей супрацоўнікі праваахоўных органаў пачалі выкарыстоўваць псіхалагічны ціск на актывістаў апазіцыі. 8 сакавіка ўвечары двое міліцыянтаў пазванілі ў кватэру гарадзенскага прафсаюзнага актывіста Яна Романа і папрасілі адчыніць дзеры для прыватнай размовы.
Як паведаміў карэспандэнту pahonia.promedia.by кіраўнік рэгіянальнага аддзела прафсаюза супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасці па Гарадзенскай вобласці Ян Роман, ён не купіўся на святочную правакацыю сілавікоў і не адчыніў дзверы: "Мне няма аб чым прыватна размаўляць з міліцыянтамі. Калі яны маюць да мяне якія пытанні ці прэтэнзіі, дык існуе прадугледжаная заканадаўствам працэдура…"
Па словах кіраўніка выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча на Гарадзеншчыне Анатоля Хацько, такія выпадкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў здараюцца ўсё часцей. Раней міліцыянты наведвалі ягоную кватэру, а таксама кватэру вядомага ў Гродне кіраўніка Беларускага незалежнага прафсаюза вытворчага аб’яднання “Азот” і дэпутата гарадзенскага гарсавета Сяргея Антусевіча. Цікавы факт, што сілавікі наведвалі іх кватэры, калі грамадскія актывісты знаходзіліся ў службовых камандзіроўках.