Сёння пахаванне прафесара Івана Нікітчанкі
У ноч на 20 лістапада ў аўтакатастрофе пад Маладэчна загінуў прафесар Іван Нікітчанка. Як паведамляецца ў СМІ, ён памёр каля 2 гадзін ночы ў маладэчанскай бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Згодна з гэтымі ж крыніцамі, І.Нікітчанка сам кіраваў аўтамабілем, якая сутыкнулася з ЗІЛам. Пра іншыя абставіны катастрофы пакуль нічога не вядома.
Іван Нікітчанка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Па словах Рымашэўскага, якога вельмі ўсхвалявала трагедыя, у той дзень па прыезде з Парыжу ён павінен быў сустрэцца з І.Нікітчанкам. Але не паспеў.
“Калі я быў у Парыжы, то пабачыў на сваім тэлефоне некалькі званкоў без адказу ад Івана Мікалаевіча, - распавёў В.Рымашэўскі. – Тады я звязаўся з ім і дамовіўся сустрэцца ў суботу, калі зноў буду ў Менску. Але ў суботу ён не адказваў на мае званкі”. Па словах спадара Віталя, калі даведаўся пра смерць прафесара, то перажыў сапраўдны шок. “Я вельмі ўдзячны Госпаду за тое, што ён звёў мяне са спадаром Нікітчанка. Тое, што гэты чалаевек зрабіў для Беларусі, трэба браць у спадчыну. Я цяпер абавязкова працягну яго справу”, - сказаў Віталь Рымашэўскі, дадаўшы, што гэта яго абавязак не толькі як палітыка, але і як чалавека.
На пытанне, ці не нагадвае яму смерць паплечніка гібель П.Машэрава і А.Майсені, В.Рымашэўскі адмовіўся адказваць да высвятлення ўсіх абставінаў трагедыі. Але, прызнаецца ён, гэта для яго і чалавечая трагедыя, і моцны ўдар па яго кампаніі як кандыдата ў прэзідэнты.
Прафесар І.Нікітчанка быў старшынём рады “Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў”. Сваё далучэнне да кампаніі Рымашэўскага ён тлумачыў тым, што менавіта ў праграме гэтага кандыдата найбольш яскрава прапісана дапамога насельніцтву краіны ў пераадоленні наступстваў Чарнобыля. Роўна за тыдзень да сваёй гібелі І.Нікітчанка падрабязна распавёў журналістам на прэс-канферэнцыі ў офісе БХД, якія перашкоды чыноўнікаў сустракае ў сваіх спробах дапамагчы людзям, што церпяць ад радыяцыі. 12 лістапада на той прэс-канферэнцыі Іван Нікітчанка агучыў інфармацыю, атрыманую ў адным з міністэрстваў: чарнобыльскія праблемы ў Беларусі курыруе Савет Бяспекі і асабіста сын дзеючага прэзідэнта Віктар Лукашэнка.
“Калі цяперашнія выбары не дадуць штуршок да аднаўлення заслужанага статуса Чарнобыля, страшнае бедства чакае Беларусь”, - з болем папярэдзіў тады прафесар. “Выйсце адно: гэтую ўладу трэба гнаць”, - дадаў ён.