Віцебскі грамадзкі актывіст Барыс Хамайда пакараны двумя адміністратыўнымі штрафамі
9 сакавіка суд Чыгуначнага раёну Віцебска разгледзеў адразу дзьве адміністратыўныя справы, заведзеныя на апазіцыянера: першая - за распаўсюджваньне незалежнага друку ("БДГ. Деловой газеты", паводле міліцэйскага пратаколу ад 7-га лютага, калі яго затрымалі на вуліцы Леніна і забралі 41 паасобнік газэты), а другая - за заклік байкатаваць прэзыдэнцкія выбары (22-га лютага міліцыянты затрымалі спадара Хамайду разам з плякатам "Байкот выбараў - гэта маральная перамога").
На судзе Барыс Хамайда патлумачыў, што лічыць легітымнай толькі Канстытуцыю 1994-га году, і што пасьля рэферэндуму 1996-га году ў Беларусі няма ўмоваў, каб правесьці сапраўды справядлівыя выбары. Па ягоных словах судзьдзя Ала Бардзюкова ўважліва выслухала, а потым сказала: "Барыс Ханонавіч, я ўсё зразумела: вы жывяце паводле Канстытуцыі 1994-га году, а я працую паводле Канстытуцыі 1996-га году. Таму, згодна з артыкулам 154, часткай першай - гэта прадпрымальніцкая дзейнасьць без дазволу, і вам 21 базавая велічыня штрафу, агульная сума 651 тысяча рублёў. А згодна з артыкулам 167 часткай другой, за несанкцыянаванае пікетаваньне - 151 базавая велічыня штрафу, гэта на 4 мільёны 681 тысяча рублёў".
Калі скласьці абодва штрафы разам, атрымліваецца 5 мільёнаў 332 тысячы рублёў. Цяпер у Віцебску Барыс Хамайда - безумоўны лідэр па колькасьці і па сумах штрафу, накладзеных на яго за апазыцыйную дзейнасьць: згодна з рашэньнямі судоў, ён вінны бюджэту больш за 20 мільёнаў. Аднак за апошнія 12 год ён не сплаціў ніводнага штрафў: спадар Хамайда гаворыць, што прынцыпова ня хоча падтрымліваць грашыма цяперашнюю дзяржаўную ўладу, паведаміла радыё Свабода.