Выбаршчык выказаў абурэнне вядучай навінаў Беларускага радыё
Выбаршчык з мястэчка Малеч Бярозаўскага раёна Анатоль Сахаруша 18 лістапада вырашыў паслухаць навіны на Беларускім радыё, каб даведацца, каго з прэтэндэнтаў Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ў якасці кандыдатаў.
“У 13-гадзінным выпуску навінаў дыктарка паведаміла, што “адбылося паседжанне ЦВК, на якім Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка зарэгістраваны кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Пасведчанне аб рэгістрацыі атрымаў кіраўнік яго ініцыятыўнай групы міністр адукацыі спадар Радзькоў, - распавядае А.Сахаруша. – Далей - ... загучалі іншыя навіны”.
А.Сахарушу абурыла, што пра іншых кандыдатаў не сказалі ні слова. Па яго прызнанні, нават мільганула думка, што, а раптам яны наогул не зарэгістраваны.
Ён вырашыў патэлефанаваць на Беларускае радыё, каб даведацца, у чым справа.
На высвятленне гэтага спатрэбілася амаль дзве гадзіны. На радыё абуранага выбаршчыка адсылалі з аднаго нумара тэлефона на іншы - і толькі на пятым нумары яму трапілася вядучая 13-гадзіннага выпуску навінаў Ірына Грыгаран.
Па словах Сахарушы, спн. Грыгаран выслухала яго, выбачылася і сказала, што ў яе на прозвішчы іншых кандыдатаў не хапіла часу. Калі абураны выбаршчык нагадаў вядучай, што яна парушыла арт.73 Выбарчага заканадаўства, дзе гаворыцца пра роўныя магчымасці кандыдатаў, то І.Грыгаран запэўніла, што назаве прозвішчы ўсіх кандыдатаў у чарговых выпусках навінаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”