Бабруйск: Супрацоўнікаў дзіцячых садкоў папярэдзілі загадзя
Выхавацелька аднаго з дзіцячых садкоў Першамайскага раёна горада распавяла бабруйскім праваабаронцам, што на працы з імі правялі “ідэалагічную размову”.
- Нас сабралі і папярэдзілі, каб нават не планавалі галасаваць на выбарах за некага, акрамя Лукашэнкі. Сказалі, што начальнік аддзела адукацыі Першамайскага раёна Андрэй Болатаў будзе сачыць за гэтым. Калі начальства даведаецца, што я аддала голас за “апазіцыянера”, можна пачынаць шукаць іншую працу, - распавяла жанчына.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі бабруйчанаў папярэджваюць на працы, каб яны галасавалі “правільна”. Нагадаем, што падобныя гісторыі адбываліся ўжо падчас збору подпісаў. Пры гэтым, якім чынам начальства будзе адсочваць іх “галачкі” ў дзень галасавання, людзі не ведаюць. Але кажуць аб тым, што “на ўсялякі выпадак” прагаласуюць так, як ім загадалі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”