У Хельсінскай камісіі ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні пад назовам "Адмова ад свабоды: Беларусь напярэдадні выбараў"
Хельсінская камісія - гэта незалежнае федэральнае агенцтва, якое займаецца маніторынгам выкананьня правоў чалавека ў сьвеце. Удзел у слуханьнях узялі кангрэсмэн Крыстафэр Сміт, які прадстаўляў адміністрацыю Белага Дому, намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмэр, які даў дастаткова жорсткую ацэнку дзейнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі і перадвыбарчай сітуацыі ў Беларусі, а таксама сенатар Браўнбэк.
Кангрэсмэн Сміт у сваім звароце да Кангрэсу адзначыў, што Беларусь, якая мяжуе з Эўразьвязам, зьяўляецца анамаліяй у дэмакратычнай Эўропе. Ён зьвярнуў увагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка разгарнуў інтэнсіўную кампанію па застрашэньні грамадзян Беларусі праз прапаганду супраць дэмакратычнай апазыцыі, Эўропы і Злучаных Штатаў. Кангрэсмэн Сміт заявіў, што народ Беларусі заслугоўвае свабоду і права заняць месца ў вольнай, квітнеючай і дэмакратычнай Эўропе.
На слуханьня выступалі прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый - рэдактарка "Студэнцкай думкі" Ірына Віданава, прадстаўнікі дэпартамэнту Эўразіі Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту, Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту, Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, аддзелу Цэнтральнай Эўропы Нацыянальнага фонду дэмакратыі.
А 8 сакавіка ніжняя палата Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю ў падтрымку намаганьняў народа Беларусі па аднаўленьні дэмакратыі, законнасьці і павагі да правоў чалавека. Рэзалюцыя, якую падтрымаў 491сябар Кангрэсу, заклікае ўрад Рэспублікі Беларусь да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў 19 сакавіка 2006 г.
Акрамя таго, 8 сакавіка была апублікаваная штогадовая справаздача аб правах чалавека ў розных краінах сьвету, складзеная Дзярждэпартамэнтам ЗША. У ёй адзначаецца: "Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі кепскім і пагоршылася ў шэрагу галінаў. Улады працягваюць дапускаць шматлікія сур'ёзныя парушэньні правоў чалавека". У справаздачы гаворыцца, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка сістэматычна разбураў дэмакратычныя інстытуцыі ў краіне і канцэнтраваў уладу шляхам рэфэрэндумаў, маніпуляваных выбараў і недэмакратычных законаў і нарматыўных актаў.
Парламенцкія выбары і рэфэрэндум у 2004 годзе не адпавядалі міжнародным стандартам, грамадзянская супольнасьць знаходзіцца пад жорсткім кантролем спэцслужбаў.
У справаздачы пералічаны галіны, у якіх правы чалавека ў Беларусі не не датрымліваюцца ці ці ўціскаюцца.