Маладэчна: Агітацыя за Лукашэнку ў дзяржаўных СМІ не спынялася
Афіцыйныя мясцовыя СМІ тэма выбараў пакуль што не цікавіць. “Маладзечанская газета” аб гэтай падзеі нагадвае толькі невялікімі паведамленнямі пра чарговы этап выбарчай кампаніі. Затое агітацыя, хоць і ўскосная, за дзеючага кіраўніка дзяржавы не спынялася ніколі. Пры аналізе матэрыялаў газеты і райвыканкамаўскага сайта за апошнія месяцы, адсочваецца тэндэнцыя: чым бліжэй да выбараў, тым “лепей мы жывем”.
Варта адзначыць, што сапраўды, прозвішча “Лукашэнка” з пачатку выбарчай кампаніі да гэтага моманту на старонках газеты сустракалася не надта часта. Затое пра існаванне іншых, акрамя Лукашэнкі, прэтэндэнтаў было ўзгадана ўсяго адзін раз, паведамленнем пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп. На афіцыйным сайце наогул няма ні слова пра кагосьці альтэрнатыўнага. Тут на галоўнай старонцы амаль кожны матэрыял прысвечаны пазітыўным навінам, звязаным з прозвішчам Лукашэнка. У раздзеле “Выбары” – толькі выбарчыя дакументы.
Назвы газетных матэрыялаў на першых палосах у кастрычніку і лістападзе выглядалі наступным чынам: “Прэзідэнцкія гарантыі”, “Лістапад: пенсіі павялічацца”, “Мінімальная зарплата ўзрасце” і г.д. Самыя, бадай, цікавыя і недвухсэнсоўныя артыкулы былі прысвечаны Усебеларускаму народнаму сходу. Адзін з іх называўся “Шчасце межаў не мае”. Дэлегат мінулага сходу дае парады новым дэлегатам, каб тыя абавязкова выступалі ў працоўных калектывах і сродках масавай інфармацыі, што “асабліва важна напярэдадні выбараў”.
У апошнім нумары “Маладзечанскай газеты” агітацыя набыла яшчэ больш канкрэтныя рысы. Побач з паведамленнем аб даце рэгістрацыі кандыдатаў быў размешчаны матэрыял “Моладзь выбірае стабільнасць”. У ім прыводзяцца вынікі сацыялагічнага даследвання, якія сведчаць пра пазітыўнае ўспрыняцце моладдзю сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. Адзначаецца таксама, што ўстойліва павялічваецца колькасць рэспандэнтаў, якія лічаць, што Беларусь развіваецца ў правільным напрамку.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”