Праваабаронцы абскарджваюць рашэнне выканкама
Скарга на рашэнне Салігорскага выканаўчага камітэта аб вызначэнні месцаў для правядзення перадвыбарчых агітацыйных масавых мерапрыемстваў была накіравана мясцовымі праваабаронцамі ў ЦВК.
Як паведамлялася раней, Салігорскі выканкам па ўзгадненні з Салігорскай раённай камісіяй па выбарах Прэзідэнта не ўключыў у пералік месцаў для правядзення вулічнай агітацыі спрыяльныя для гэтага месцы. На думаку мясцовых прадстаўнікоў БХК, указаныя ў рашэнні салігорскі стадыён "Будаўнік" і спартыўныя пляцоўкі школ не могуць эфектыўна выкарыстоўвацца кандыдатамі ў гэтых мэтах. Правабаронцы называюць гэтае рашэнне "незаконным і абмяжоўваючым правы і законныя інтарэсы жыхароў г.Салігорска, гарантаваныя Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам".
У скарзе адзначаецца, што рашэннем выканкаму вызначана вельмі абмежаваная колькасць месцаў, а іх размяшчэнне на тэрыторыі раёна з'яўляецца нязручным для выкарыстання ў мэтах перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі.
Так, да прыкладу, стадыён "Будаўнік" знаходзіцца на ўскраіне Салігорска і ўдалены ад месцаў кампактнага пражывання грамадзян. Спартыўныя пляцоўкі школ горада Салігорска маюць зусім іншае мэтавае значэнне, яны размешчаныя як правіла ў дварах і зусім не прыстасаваныя для правядзення перадвыбарчых мерапрыемстваў. Як вынік - прынятае рашэнне істотна звужае агітацыйныя магчымасці і парушае правы выбаршчыкаў на агітацыю, свабоду атрымання і распаўсюду інфармацыі.
Праваабаронцы патрабуюць адмяніць рашэнне Салігорскага выканкама і прыняць новае, у якім павінны быць прадугледжаны, у прыватнасці, магчымасці для сустэчаў і агітацыі на цэнтральных плошчах населеных пунктаў Салігорскага раёна і горада Салігорска, на вялікіх пляцоўках каля крамаў, рынкаў і пляцоўках на цэнтральных вуліцах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”