viasna on patreon

Круглае: Даведацца аб месцах для сустрэч з выбаршчыкамі і масавых мерапрыемстваў немагчыма

2010 2010-11-18T15:15:45+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kruhloe.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да гэта часу, калі ўжо павінна пачынацца агітацыя за кандыдатаў у прэзідэнты, у Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці не ведаюць, дзе можна сустрэцца з патэнцыйнымі кандыдатамі і іх даверанымі асобамі.

Гаворыць сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева з гарадскога пасёлка Круглае Зінаіда Мілешчанка:

- Наша раённая газета “Сельскае жыццё” яшчэ 13 лістапада апублікавала толькі рашэнне Круглянскага райвыканкама “Аб вызначэнні месцаў для размяшчэння агітацыйных  матэрыялаў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”. Гэтым рашэннем вызначана, што размяшчаць агітацыйныя матэрыялы можна ў памяшканнях участкаў для галасавання, у адміністрацыйных будынках прадпрыемстваў і арганізацый раёна і на рэкламных тумбах, размешчаных у г.п.Круглае. Самі бачыце, што рашэнне вельмі дыскрымінацыйнае, яно не дазваляе размяшчаць агітацыйную прадукцыю у самых шматлюдных месцах – у крамах, на аўтобусных прыпынках, інфармацыйных стэндах каля шматкватэрных дамоў, ва ўстановах культуры. Практычна зроблена ўсё, каб жыхары Круглянскага раёна не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі аб альтэрнатыўных кандыдатах, дзеючага прэзідэнта за сямнаццаць год і так усе добра ведаюць.

Ну і самае абуральнае – я нідзе не магу даведацца, дзе ж кандыдаты ў прэзідэнты могуць праводзіць свае сустрэчы з выбаршчыкамі і масавыя мерапрыемствы. Раённая газета пра гэта не паведамляе, на сайце Круглянскага райвыканкама аб гэтым ніякай інфармацыі няма, у раённай камісіі пра гэта нічога казаць не хочуць.

Зінаіда Мілешчанка распавяла, што яна ўжо патрапляла ў падобную сітуацыю падчас выбараў у мясцовыя Саветы вясной гэтага года:

- Я вылучалася кандыдатам у дэпутаты ў Магілёўскі абласны Савет. Тады таксама нідзе нельга было атрымаць інфармацыю аб вызначыных для правядзення сустрэч месцах. Калі ж я пачала сустракацца з выбаршчыкамі, то мне адразу ж пазванілі з раённай камісіі і папярэдзілі, што здымуць мяне з удзелу ў выбарах за правядзенне сустрэч у недазволеных месцах.

Між тым, па словах Зінаіды Мілешчанка, агітацыя за дзеючага кіраўніка краіны ў Круглым пачалася даўно. Ужо амаль тыдзень як у цэнтры гарадскога пасёлка вывесілі транспарант з лозунгам: “Проверенная временем власть – стабильная власть”. Здзіўляцца таму, што Круглянская раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства ў гэтым не бачыць, не даводзіцца, бо яе кіраўніцтва займае пасады ў Круглянскім райвыканкаме.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства