Сябра ГА «БАЖ» Кастуся Шыталя прынялі за «шпіёна»
17 лістапада журналіст рабіў здымкі ля вёскі Глінная Докшыцкага раёна — фатаграфаваў, як добраўпарадкуюць тэрыторыю мяцовыя жыхары. Прысутнасць фатографа так занепакоіла пільных вяскоўцаў, што адзін з іх з’ездзіў на машыне па ўчастковага.
Міліцыянт запрасіў журналіста ў аўтамабіль, дзе запатрабаваў паказаць дакументы, пачаў распытваць пра мэты фатаграфавання і паспрабаваў выдаліць зробленыя фотаздымкі. Кастусь Шыталь прад’явіў пасведчанне сябра ГА «БАЖ», распавёў, што выконвае заданне ў межах БАЖаўскага майстар-класу «Фотажурналістыка», і катэгарычна адмовіўся выдаляць фота. Міліцыянт перамаўляўся па тэлефоне з Докшыцкім РАУС, а журналіст — з юрыстамі БАЖ. У выніку, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя сп-ра Шыталя, участковы адпусціў журналіста без складання пратаколу.
«Я фатаграфаваў вяскоўцаў не на іх прыватнай тэрыторыі і ніяк не мог парушыць таямніцу іх асабістага жыцця, — распавёў прэс-службе БАЖ па тэлефоне Кастусь Шыталь. — Уражанне такое, што ў глухой правінцыі з савецкіх часоў баяцца «шпіёнаў» ды «ворагаў народа» ды глядзяць БТшныя «страшылкі»… Хаця людзі не старыя — гадоў па 40–50. Я чуў, як яны шапталіся паміж сабою: «Ён, пэўна, засланы, яму, пэўна заплацілі… А што ён тут перад выбарамі разваліны фатагрфуе?». А ў машыне той вясковец, што ездзіў па міліцыянта, казаў: «А хто цябе ведае — скора выбары, можа, ты з БНФ?..»
Нагадаем, што Кастуся Шыталя затрымлівалі
таксама 21 верасня ў Мінску, калі той асвятляў акцыю абаронцаў касцёла
святога Язэпа. Усіх затрыманых тады таксама адпусцілі без складання пратаколаў.