ЦВК назвала "працоўны момант" Барысаўскай тэрытарыяльнай камісіі праверкай подпісаў
ЦВК даслала адказ на запыт праваабаронцы Алега Мацкевіча з нагоды Барысаўскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, якая назвала свае паседжанні "працоўнымі момантамі", "бягучымі пытаннямі", да якіх не дапускаюцца назіральнікі.
Мяркуючы па адказе ЦВК, Барысаўская ТВК знайшла трэцяе «вызначэнне» для свайго сходу 4 лістапада. У лісце з Цэнтральнай выбарчай камісіі "працоўны момант" названы "праверкай подпісаў". "Паведамляем, што 4 лістапада бягучага года паседжанне Барысаўскай раённай камісіяй не праводзілася. У гэты дзень сябры камісіі правяралі падпісныя лісты. Праверка подпісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца па-за паседжаннем выбарчай камісіі. У артыкуле 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які вызначае статус назіральніка, не прадугледжана права назіральніка прысутнічаць пры праверцы подпісаў выбаршчыкаў ", - гаворыцца ў адказе ЦВК 01-12/572 за подпісам Лідзіі Ярмошынай.
Дзіўна, што ў размовах і перапісцы Алега Мацкевіча з Барысаўскай ТВК версія праверкі падпісных лістоў ні разу не ўзнікала. Сябры камісіі называлі свой "сход" альбо "працоўнымі момантамі" альбо "бягучымі пытаннямі".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"