viasna on patreon

Глуск: Раённы суд без разгляду перанакіраваў скаргу выбаршчыкаў у абласны суд

2010 2010-11-16T15:08:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babrujsk-kiryn-igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяць глусчанаў накіравалі скаргу ў суд Глускага раёна на рашэнне выканкама, згодна з якім у склад участковай камісіі не ўвайшоў сябра БХК Ігар Кірын. Выбаршчыкі палічылі неўключэнне іх прадстаўніка неабгрунтаваным.

Гэтую скаргу кансультант суда Глускага раёна Аксана Краўчанка пераслала “па вуснай дамоўленасці”, як гаворыцца ў дакуменце, старшыні абласнога суда Аляксею Ткачову. Копію гэтага перанакіравання даслалі Ігару Кірыну.

-Для мяне дасюль незразумела, чаму гэтую скаргу, без разгляда, накіравалі ў абласны суд, - здзіўляецца Ігар Кірын. – Гэту скаргу кансультант суда не хацела ў мяне прымаць, а калі я сказаў, што гэта парушэнне заканадаўства, пачала некаму тэлефанаваць і раіцца – браць ці не браць? Потым мне паведамілі, што зарэгіструюць скаргу заўтрашнім чыслом, быццам бы ў іх існуе такое правіла. А на заўтрашні дзень паштальён прынёс мне паведамленне аб гэтай “вуснай дамоўленасці”.

Праз нейкі час выбаршчыкам – Валеру і Лідзіі Замбржыцкім, Ганне Купчэні, Ліліі Фалецкай і Лідзіі Страха прыйшоў адказ ад намесніка старшыні Магілёўскага абласнога суда Святланы Стальмаховай, якая разглядала гэтую скаргу.

Святлана Стальмахова адзначыла, што рашэнне аб утварэнні ўчастковых камісій было прынятае 3 лістапада, а ў суд заяўнікі звярнуліся 8-га, “прапусціўшы ўстаноўлены законам тэрмін для абскарджвання рашэнняў органаў, якія стварылі ўчастковыя камісіі”. Таксама супрацоўніца суда паведаміла выбаршчыкам, што “рашэнне органаў, якія стварылі камісію, павінна быць абскарджана ўсімі грамадзянамі, якія вылучылі свайго прадстаўніка ў склад участковай камісіі шляхам падачы заявы. З матэрыялаў, якія прыкладзеныя да справы вынікае, што 12 грамадзянаў вылучылі Кірына І.М. у склад Глускай выбарчай камісіі № 2 па выбарах прэзідэнта РБ, а ў суд са скаргай звярнуліся толькі пяць грамадзянаў, да скаргі не прыкладзеныя дакументы, якія падцвярджаюць іх паўнамоцтвы ад іншых грамадзянаў…”

Гэтага, як палічыў намеснік старшыні абласнога суда, было дастакова, каб адмовіць глусчанам распачаць грамадзянскую справу. Выбаршчыкам таксама нагадалі, што яны могуць абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе.

- З прапушчанымі тэрмінамі таксама выйшла цікавая сітуацыя, - працягвае распавядаць Ігар Кірын. – Бо 6-е і 7-е лістапада былі выходнымі днямі, то бок не павінныя былі ўлічвацца, але суддзя іх уключыла ў агульны тэрмін. Што датычыць колькасці грамадзянаў, якія павінныя былі падаваць скаргу, то ў выбарчым заканадаўстве не прапісана тое, што падпісвацца павінныя ўсе. Я буду пісаць скаргу ў вышэйшы суд, але спачатку хачу разабрацца, чаму ўсё ж такі скаргу па майму неўключэнню ў камісію перанакіравалі ў абласны суд?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства