Светлагорск: Агітуйце ля будматэрыялаў і кантэйнераў для смецця
На ускрайку горада, сярод штабелей будаўнічых матэрыялаў і вялікіх насыпаў пяску прапануе праводзіць перадвыбарчую агітацыю Светлагорскі райвыканкам (Гомельская вобласць). Іншых месцаў для агітацыйных мерапрыемстваў па-за памяшканнямі ў горадзе не выдзелена.
Месцам для правядзення пікетаў і іншых мерапрыемстваў з мэтаю агітацыі за кандыдатаў у Прэзідэнты ў Светлагорску з'яўляецца "сцэнічная пляцоўка на плошчы, якая прылягае да наберажнай ракі Бярэзіна". Аб гэтым гаворыцца ў рашэнні Светлагорскага райвыканкама, апублікаваным 11 лістапада.
Ад цэнтра горада да наберажнай 5 хвілін ходу. Аднак гэта ўжо ўскраіна горада. А сцэнічная пляцоўка – ускраек набярэжнай. Падчас святаў тут праходзяць канцэрты, і зразумела, што пляцоўка знаходзіцца на некаторай адлегласці ад людных месцаў. Мясцовыя жыхары ведаюць: у халодны час года на набярэжнай пуста. Для каго тут праводзіць агітацыю?
Да таго ж, зараз вядзецца рамонт набярэжнай, і акурат сцэнічная пляцоўка выкарыстоўваецца як месца для складзіравання будаўнічых матэрыялаў (на здымку). Побач – туалет і кантэйнеры для смецця.
Жадаючыя паагітаваць могуць яшчэ з'ездзіць у пасёлкі Парычы і Сасновы Бор. У Парычах ім адвялі пляцоўку перад Домам культуры. Месца прыгожае, але таксама бязлюднае. У іншых населеных пунктах не выдзелена ніякіх месцаў. Гэта значыць: калі хтосці захоча зладзіць пікет, каб азнаёміць з матэрыяламі аб кандыдаце ў Прэзідэнты, напрыклад, жыхароў Баравікоў ці Чыркавічаў (буйныя вёскі), то рабіць гэта ніяк нельга.
У Светлагорску ёсць шмат зручных і прасторных вуліц, плошчаў і сквераў, якія можна было б адвесці для агітацыі. Чаму райвыканкам адпраўляе агітатараў на будаўнічую пляцоўку? Мясцовыя прадстаўнікі апазіцыйных партый маюць на гэта конт наступнае меркаванне. Пікеты падчас збору подпісаў за будучых кандыдатаў у прэзідэнты, якія дазвалялася праводзіць у розных месцах, паказалі: ля пікетаў за апазіцыйных кандыдатаў амаль заўсёды збіраліся грамадзяне, а ля пікетаў за А.Лукашэнку, які займае пасаду прэзідэнта, амаль ніхто не спыняўся. Таму на этапе агітацыі пікетаў за А. Лукашэнку, верагодна, праводзіць не будуць, а для апазіцыі адвялі месцы падалей.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”