ЦВК знайшла ў рашэнні Мазырскага райвыканкама парушэнні выбарчага заканадаўства
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун атрымаў адказ з ЦВК на зварот аб законнасці рашэння Мазырскага райвыканкама па утварэнні “працоўнай группы”, якая фактычна прызначыла ўсіх людзей ва ўчастковыя камісіі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прызнала, што не ўсе палажэнні дакумента ў поўнай меры стасуюцца з выбарчым заканадаўствам. Аднак пры гэтым яна ўказала, што ў назіральніка няма права назіраць за гэтай групай.
Праваабаронца Уладзімір Целяпун накіроўваў ліст на імя старшыні ЦВК, у якім прасіў вызначыць адпаведнасць Выбарчаму кодэксу РБ некаторых палажэнняў рашэння Мазырскага райвыканкама за №1202 ад 28.09.2010 г. “Аб падрыхтоцы і правядзенні выбараў Презідэнта Рэспублікі Беларусь”, якое стварыла гэтак званыя “працоўныя групы”. На думку Целяпуна, у дакуменце “ёсць палажэнні, якія адносяцца да кампэтэнцыіі Цэнтральнай выбарчай камісіі (падрыхтоўка метадычных матэрыялаў), раённай камісіі (падрыхтоўка рашэнняў, прапановаў для разгляду на паседжаннях камісіі, праверку прадстаўленых у камісію дакумэнтаў, скаргаў і заяваў грамадзян)”.
“У гэтым Рашэнні сказана аб садзейнічанні выбарчым камісіям, але нічога не сказана аб парадку (працэдуры) вызначэння складу ўчастковых выбарчых камісіяў, што фактычна зрабіла гэтак званая “працоўная група”, - адзначыў Уладзімір Целяпун.
Праваабаронца прасіў у сваім лісце тлумачэнняў і рэкамендацый наконт таго, згодна якіх заканадаўчых актаў магчыма ажыццявіць назіранне за дзеайнасцю гэтай “працоўнай группы” ў межах ВК РБ.
У адказе з ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай адзначана, што паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у арганізацыі падрыхтоўкі выбараў выкладзены ў артыкуле 24 ВК РБ. ЦВК палічыла, што “рашэнне ў часцы ўтварэння працоўнай групы для арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці выбарчых камісій, размешчаных на тэрыторыі раёна, і яе складу з’яўляецца правамоцным”.
“Аднак у рашэнні ёсць палажэнні, якія не ў поўнай меры стасуюцца з выбарчым заканадаўствам, - зазначаецца ў адказе. – У сувязі з гэтым Цэнтральная камісія рэкамендавала Мазырскаму раённаму выканаўчаму камітэту прывесці рашэнне ў адпаведнасць з кампетэнцыяй мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, вызначанай артыкулам 24 ВК РБ”.
У адказе ЦВК не ўдакладняецца, якія палажэнні рашэння №1202 ад 28.09.2010 г. “Аб падрыхтоцы і правядзенні выбараў Презідэнта Рэспублікі Беларусь” Мазырскага райвыканкама “не ў поўнай меры стасуюцца з выбарчым заканадаўствам”.
“Магчыма, гэта і ёсць паўнамоцтвы гэтай “працоўнай группы”, - кажа Уладзімір Целяпун. - Тады чаго вартыя абмеркаванні прызначэння кандыдатур у склад участковых выбарчых камісіяў?”
Наконт тлумачэнняў і рэкамендацый аб назіранні за дзейнасцю працоўнай групы ў адказе ЦВК зазначаецца, што згодна з артыкулам 13 ВК РБ у назіральніка такога права няма.
Уладзімір Целяпун падкрэслівае, што паводле артыкула 13 ВК РБ большасць правоў назіральнікаў тычыцца назірання ва ўчастковых камісіях.
Па нашых дадзеных, рашэнні райвыканкамаў аб стварэнні “працоўных груп” прыняты ў многіх раёнах Гомельскай вобласці (напрыклад, у Ельску). А гэта значыць, рэкамендацыі прывесці рашэнні ў адпаведнасць з кампетэнцыяй мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, вызначанай артыкулам 24 ВК РБ, ЦВК трэба дасылаць ва ўсе раёны Гомельшчыны.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”