Барысаў: На сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам заганяюць прымусова
Заўтра у Барысаў прыедзе патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка. На сустрэчу з ім, якая плануецца пад адкрытым небам на месцы будуючагася новага стадыёна каманды БАТЭ, абавязваюць з’явіцца навучэнцаў каледжаў і вучылішчаў горада пад пагрозай выключэння за няяўку.
Да праваабаронцы Алега Мацкевіча па тэлефоне звярнуўся страціўшы надзею бацька навучэнца Барысаўскага палітэхнікума. Прычына звароту - дзіця прымушаюць з'явіцца на "сустрэчу з прэзідэнтам", пры гэтым не ўлічваецца яго стан здароўя. А хлопец мае другую групу інваліднасці па анкалагічнаму захворванні. "І ён будзе стаяць і мерзнуць пад адкрытым небам невядома колькі?! Патрэбна яму такая сустрэча з прэзідэнтам? Напэўна, здароўе даражэй!" - Абураецца бацька. Прад'яўленне медыцынскіх дакументаў і просьбы вызваліць яго па стане здароўя ад стаяння ў масоўцы на сустрэчы з Лукашэнкам так і не падзейнічалі. Яму загадана абавязкова з'явіцца на будпляцоўку, інакш ён будзе адлічаны. Пасля размовы з праваабаронцам бацька збіраецца сам прыйсці у каледж і заявіць адміністрацыі, што ў выпадку рэпрэсіяў у дачыненні да сына, ён напіша ліст Лукашэнку.
Дарэчы, абавязковы ўдзел у заўтрашняй сустрэчы з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты крануў навучэнцаў усіх каледжаў і вучылішчаў Барысава. Ад кожнай навучальнай установы павінны быць накіраваны сотні хлопцаў і дзяўчат.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"