Бабруйск: Колькасць сабраных подпісаў агучылі толькі па Ленінскім раёне
У бабруйскіх СМІ з’явілася даволі сціплая інфармацыя па колькасці сабраных за розных прэтэндэнтаў подпісаў. Газета гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” у № 89-м адзначае толькі, што 11 ініцыятыўных груп, якія працавалі ў Ленінскім раёне, сабралі агулам “рэкордную колькасць” - 28 846 подпісаў. Больш падрабязных дадзеных гэта выданне не падае.
Газета “Коммерческий курьер” у № 45-м дае больш падрабязную інфармацыю, але зноў жа – толькі па Ленінскім раёне. Старшыня гэтай камісіі Мікалай Плаксіцкі адзначыў актыўнасць ініцыятыўных груп і заявіў, што з 28 846 здадзеных подпісаў не правяраліся 1 972. “Гэта подпісы, выдаленыя самімі сябрамі ініцыятыўных груп, сабраныя не на тэрыторыі Ленінскага раёна, а таксама якія паўтараюцца ў спісе за аднаго кандыдата”, - гаворыцца ў газеце.
Лічбы, агучаныя старшынём камісіі Ленінскага раёна наступныя: Аляксандр Лукашэнка – 7 120 (адзначаецца, што гэтыя подпісы былі сабраныя ў пікетах), Яраслаў Раманчук – 6 673, Уладзімір Някляеў – 3 504, Віталь Рымашэўскі – 3 041, Андрэй Саннікаў – 3 011, Віктар Цярэшчанка – 1 917, Дзмітры Ус – 1 382, Мікалай Статкевіч – 969, Аляксей Міхалевіч – 693, Рыгор Кастусёў – 498.
Віктар Гарбанёў, старшыня камісіі Першамайскага раёна, агучыў агульную кольскасць подпісаў, сабраную усімі ініцыятыўнымі групамі – 38 000. Колькасць подпісаў за кожнага з прэтэндэнтаў засталася ў скарэце. Затое газета дае інфармацыю па несапраўдных подпісах: 10 - за Аляксандра Лукашэнка, 18 – за Уладзіміра Някляева, 14 – за Дзмітрыя Уса, 13 – за Віталя Рымашэўскага, 12 – за Андрэя Саннікава, 7 – за Яраслава Раманчука, 5 – за Мікалая Статкевіча, па 1 за Рыгора Кастусёва і Аляксея Міхалевіча. Па нулях выйшлі толькі Віктар Цярэшчанка і Юры Глушакоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”