Бабруйск: У камісіі Першамайскага раёна знайшліся лішнія подпісы за Някляева
Алена Мядзведзева, сябра ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева, наведала камісію Першамайскага раёна, каб даведацца колькасць зарэгістраваных подпісаў.
- Спачатку старшыня камісіі Віктар Гарбанёў увогуле адмовіўся даваць мне лічбы, - распавядае Алена Мядзведзева. – Ён сказаў, што можа назваць іх Някляеву ці кіраўніку ініцыятыўнай групы. Я яму патлумачыла, што такога паняцця як “кіраўнік” няма, а потым пры ім патэлефанавала ў ЦВК. Праз нейкі час яму ператэлефанавалі адтуль, спрасілі, чаму ён не называе нам лічбы. І Гарбанёў, зноў жа, у маёй прысутнасці, сказаў ім “так, у мяне тут сядзяць нейкія жанчыны, але яны нічога не пыталі”. Я абурылася такой нахабнасці і запыталася, “як жа вы можаце шчыра праводзіць выбары, калі вось тут, пры мне, хлусіце?”
Пасля тэлефоннай размовы з супрацоўнікамі ЦВК Віктар Гарбанёў назваў лічбу зарэгістраваных подпісаў – 3 579. Але і тут у Алены Мядзведзевай узнікла пытанне – адкуль узяліся лішнія 304 подпісы, бо ёю былі здадзеныя 3 275.
- Старшыня камісіі аж пазелянеў, калі я пра гэта запыталася, - дзеліцца ўражаннямі Алена, - і я зноў хацела ўжо тэлефанаваць у ЦВК. Але Гарбанёў спахапіўся і дастаў з шафы тэчку, сказаўшы, што гэтыя подпісы здаў нейкі Смірноў С.А. Гэта было як мінімум цікава, бо ў нашай групе чалавека з такім прозвішчам няма. І ў любым выпадку, усе подпісы, сабраныя у Бабруйску за Някляева прайшлі б праз мяне, я іх правярала. Хто гэты невядомы чалавек, я яшчэ буду высвятляць. У выніку старшыня раённай камісіі паведаміў, што 100 працэнтаў здадзеных намі подпісаў зарэгістраваныя, і назваў іншую лічбу – 3 432. Гэта азначае, што лішнія ўсё роўна ёсць.
Алена Мядзведзева выказала меркаванне, што, магчыма, такім чынам у выбарчых камісіях рыхтавалі фальсіфікацыі, каб “укінуць” у сапраўдныя подпісы “несапраўдныя”. Таксама бабруйская актывістка адзначыла, што падобных праблем у яе не ўзнікла ў камісіі Ленінскага раёна. Там ёй адразу назвалі лічбу, якая супала з кольскасцю здадзеных подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”