"Рух наперад" ліквідавалі хутка, каб зняць Някляева з прэзідэнцкай гонкі?
Апеляцыйныя калегія Мінскага гаспадарчага суда адхіліла скаргу на папярэдняе рашэнне ліквідаваць даследча-асветніцкую ўстанову "Рух наперад". Такое рашэнне калегія прыняла 10 лістапада.
Нагадаем, што ў рамках "Руху наперад" дзейнічае
кампанія "Гавары праўду". У каментары Еўрарадыё лідэр кампаніі Ўладзімір
Някляеў паведаміў, што юрысты арганізацыі рыхтуюць касацыйную скаргу на рашэнне
пра ліквідацыю. Падаваць касацыю будуць у Вышэйшы гаспадарчы суд.
Абскарджваць рашэнне можна цягам месяца. Аднак Някляеў мяркуе, што шмат часу
"Руху наперад" не дадуць. Па яго словах, "Рух наперад"
знарок ліквідавалі 10 лістапада, ведаючы, што назаўтра Някляеў ідзе ў
Цэнтравыбаркам падаваць дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты. Сярод
іншых звестак прэтэндэнт павінен пазначыць сваё месца працы.
Някляеў: "Па гэтай фармальнай прычыне, па гэтай судовай прычыне яны
чытаюць маю анкету, кажуць, што я ўказаў не тое месца працы, а дакладней -
падмануў іх... І гэтага дастаткова, каб зняць мяне з патэнцыйных
кандыдатаў".