Суд Жлобінскага раёна пакінуў без змянення рашэнне райвыканкама аб утварэнні ўчастковых камісій
Суд Жлобінскага раёна пакінуў без змянення рашэнне мясцовага райвыканкама аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій. Актывісты апазіцыі скардзіліся, што ў камісіі былі ўключаны толькі чацвёра іх прадстаўнікоў і што на паседжанні па ўтварэнні камісій кандыдатуры зусім не абмяркоўваліся. Прадстаўнік райвыканкама патлумачыў на гэта, што кандыдатуры “былі абмеркаваны да паседжання ў розных кабінетах”.
Кіраўнік раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Валерый Рыбчанка распавёў у судзе, што паседжанне выканкама па ўтварэнні 69 участковых камісій доўжылася 11 хвілін. Ад “Справядлівага свету” ў камісіі ўключылі 20% вылучаных кандыдатур, а ад праўладных арганізацый кшталту “Белая Русь” ці БРСМ – да 92%. Аднак начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Маруковіч Сяргей Васільевіч, які прадстаўляў выканкам у судзе, аргументаваў гэта тым, што такія арганізацыі “аб’ядноўваюць сотні і сотні людзей”.
Як патлумачылі прадстаўнікі раённай улады, “фарміраваннем камісій займаецца арганізацыйна-кадравы аддзел райвыканкама”, “дакладней, забяспячэннем фарміравання”. Гэта прадугледжана “Палажэннем аб арганізацыйна-кадравым аддзеле”, якое дзейнічае ў выканкаме і якое было зачытана суддзёй. Аддзел апрацоўвае дакументы аб вылучаных кандыдатурах, збірае іх характарыстыкі, адбірае тых, каго лічыць патрэбным уключыць у камісіі. Падрыхтаваныя спісы камісій раскладваюцца ў чырвоныя тэчкі, і выканкаму застаецца на паседжанні толькі прагаласаваць.
На меркаванне С. Маруковіча, цяпер В. Рыбчанка наўмысна адрывае выканкам на судовыя справы, чым перашкаджае працаваць – пры тым, што “райвыканкам павінен зараз рабіць вялізарную працу па арганізацыі работы ўчастковых камісій, правядзенню іх паседжанняў і складанню пратаколаў”. Адмову ўключыць у камісію прадстаўніцу “Справядлівага свету” Інэсу Тубалец ён патлумачыў тым, што на мінулых выбарах яна працавала ў камісіі і “стварала канфліктую сітуацыю – галасавала супраць, патрабавала запісаць у пратакол яе асаблівае меркаванне”.
Суддзя Рубахава Святлана Вікінцьеўна адмовіла В. Рыбчанку выклікаць ў якасці сведкаў супрацоўнікаў выканкама, якія утваралі камісіі, і азнаёміцца з ўсімі дакументамі па іх фарміраванні (хоць пракуроры В. Нікіціна і С. Андрэева, якія ўдзельнічалі ў разглядзе справы, лічылі, што няма прычын адмаўляць у гэтых хадайніцтвах).
Суд адмовіў таксама ў разглядзе заяў Яўгену Басарэўскаму і Пятру Аўсяннікаву, якія былі вылучаны шляхам збору подпісаў грамадзян і таксама не ўключаны ў камісіі. Суддзя Ярмольчык Алена Яўгеньеўна патлумачыла, што скаргі пададзены не грамадзянамі, якія падпісваліся за вылучэнне, а самімі Басарэўскім і Аўсяннікавым. Яны, ў сваю чаргу, лічаць, што такое патрабаванне Выбарчага кодэксу стварае парешкоду: за 3 дні, якія даюцца на абскарджванне рашэння выканкама, амаль немагчыма падрыхтаваць скаргу ад усіх падпісаўшыхся грамадзян.
Суддзя Папека Лідзія Барысаўна не стала разглядаць скаргу Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі на неўключэнне ў жлобінскія камісіі прадстаўнікоў гэтай партыі, паколькі скарга была падпісана не старшынём арганізацыі ў Гомелі, а яго намеснікам у Жлобіне.
Як паведаміў В. Рыбчанка, рашэнні жлобінскага суда будуць абскарджаны ў судзе Гомельскай вобласці.
На здымках:
1. В.Рыбчанка выступае ў судзе.
2. Пётр Аўсяннікаў лічыць, што Выбарчы кодэкс недасканалы ў частцы абскарджвання рашэння пра ўтварэнне выбарчых камісій.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”