viasna on patreon

Віцебскі праваабаронца ў камісію не трапіў - нават пасля суду

2010 2010-11-09T15:37:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Паўла Левінава, якога дэлегавалі паўтары сотні жыхароў Віцебска,  ва ўчастковую камісію №35 не ўключылі. Судовае разбіральніцтва калектыўнай скаргі працягвалася амаль 8 гадзін, але станоўчага выніку, кажа праваабаронца, дабіцца так і не ўдалося.

Праваабаронца Павел Левінаў асабіста прысутнічаў на працэсе, які вяла суддзя Першамайскага райсуду Вольга Іллюшонак.

У судзе праслухоўвалі аўдыёзапіс, зроблены падчас фармавання ўчастковай камісіі. Такім чынам аўтары скаргі імкнуліся давесці суду, што ў яе ўключылі пераважна тых, хто працаваў ва ўчастковай камісіі на мінулых мясцовых выбарах, і таму абмеркавання кандыдатур, па сутнасці, не было. Суд гэты аргумент не прыняў да ўвагі і пастанавіў, што фармаванне камісій праходзіла цалкам законным чынам.

П.Левінаў выявіў цэлы шэраг парушэнняў заканадаўства, якія суд не палічыў істотнымі. Да прыкладу, некалькі выбаршчыкаў, якія спярша падпісаліся за вылучэнне Паўла Левінава, потым далі подпісы і за вылучэнне іншага кандыдата. Гэта законам не дазволена, адпаведна, подпісы мусяць быць ануляваныя. Але ў камісію А.Маркоўскі трапіў, хаця, па сутнасці, 10 подпісаў за сваё вылучэнне ён ужо не меў. П.Левінаў указаў таксама на несапраўдныя звесткі пра асобаў, якія вылучаліся ў камісію, і на парушэнні ў афармленні дакументаў.

На працягу судовага паседжання праваабаронца  неаднаразова хадайнічаў пра адвод суддзі, якая, на яго думку, праяўляла зацікаўленасць у пэўным выніку гэтай судовай справы. П.Левінаў хадайнічаў таксама і пра адвод прысутнага на судзе пракурора С.Бядрэвіча. Але адводы прынятыя не былі.

Віцебскі праваабаронца рыхтуе зварот у пракуратуру, бо лічыць рашэнне, прынятае суддзёй Вольгай Іллюшонак, “заведама неправасудным”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства