Гродна: Ва ўчастковых камісіях відавочны гендэрны дысбаланс
Дэталёвы аналіз складу ўчастковых камісій у г. Гродна паказвае, што ў іх відавочна пераважаюць жанчыны. Прыкладам, у складзе 66 камісій па Ленінскім раёне ўсяго 779 чалавек. З іх 577 (74%) складаюць менавіта жанчыны, мужчын у камісіях толькі 202. Некаторыя камісіі цалкам складаюцца з жанчын. Па 13 кабет у камісіях выбарчых участкаў №№31, 35, 52, 57, 58. Толькі па адным мужчынскім прадстаўніку ўключаны ў камісіі ўчасткаў №№ 6, 9, 14, 17, 27, 30, 34, 39, 54. Падобная сітуацыя назіраецца і ў камісіях Кастрычніцкага раёну г.Гродна.
Незалежныя назіральнікі тлумачаць такі дзіўны на першы погляд полавы дысбаланс прадстаўніцтва ў камісіях проста: жанчыны ў беларускім грамадстве больш залежныя сацыяльна, менавіта на іх прасцей уздзейнічаць праз адміністрацыйны ціск, што выканаўчая ўлада і робіць.
Варта дадаць, што сярод кандыдатураў, вылучаных у склад участковых камісій па горадзе Гродна ад дэмакратычных партый, выразна пераважалі якраз мужчыны. Аднак адміністрацыі раёнаў большасць апазіцыйных вылучэнцаў праігнаравалі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”