viasna on patreon

Маладэчна: Подпісы ў падтрымку Цярэшчанкі прызнаны несапраўднымі

2010 2010-11-09T10:02:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maladechna-tvk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля праверкі камісія прызнала несапраўднымі подпісы за вылучэнне Віктара Цярэшчанкі. Ніводнага несапраўднага подпісу не знайшлі ў Алеся Міхалевіча.

 

8 лістапада адбылося паседжанне Маладэчанскай раённай выбарчай камісіі па выніках праверкі подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Усяго камісія правярала подпісы за восем прэтэндэнтаў у кандыдаты: Рыгора Кастусёва, Андрэя Саннікава, Алеся Міхалевіча, Яраслава Раманчука, Віктара Цярэшчанку, Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага і Аляксандра Лукашэнку.

Пасля першай праверкі высветлілася, што ў Віктара Цярэшчанкі колькасць несапраўдных подпісаў складае 16,1%. Другая праверка забракавала 17,3%. Такім чынам, усе подпісы, здадзеныя за вылучэнне гэтага кандыдата ў Маладэчанскім раёне, прызнаныя несапраўднымі.

Дарэчы, яшчэ да пачатку праверкі подпісаў за гэтага прэтэндэнта сумневы ў іх сапраўднасці выказваў праваабаронца Эдуард Баланчук. Падазроным выглядала тое, што за пару дзён да сканчэння этапу збору подпісаў у выбарчую камісію было здадзена толькі каля паўтара дзесятка подпісаў за Цярэшчанку. У апошні дзень здачы высветлілася, што за яго падпісалася 1391 чалавек.

Сярод астатніх прэтэндэнтаў у кандыдаты самы вялікі адсотак несапраўднасці – у Яраслава Раманчука – 9,7%, самыя малыя – у Алеся Міхалевіча (0%) і Аляксандра Лукашэнкі (0,2%).

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства