viasna on patreon

Палітвязень Уладзімір Асіпенка на свабодзе

2010 2010-11-08T08:33:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадпрымальніка вызвалілі з Івацэвіцкай калоніі ўмоўна-датэрмінова 5 лістапада.

«Вызвалілі мяне ўмоўна-датэрмінова, да заканчэння тэрміну мне засталося 3 месяцы і 4 дні. Не разлічваў на гэта, ніхто не прыходзіў, не казаў пісаць заяву, усё адбылося раптам і хутка. У гэтым вашая заслуга - апазіцыі, праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Мне паведаміў начальнік палітаддзела калоніі, што ўжо вельмі шмат скаргаў пайшло ў ДВП з нагоды таго, што мяне не вызваляюць. І мяне выклікалі спачатку на адну камісію, потым на другую, адбыўся суд, рашэнне было здавальняючым. У пятніцу ў 17 гадзін мяне вызвалілі, за мной прыехала дачка», - распавёў Уладзімір Асіпенка сайту charter97.org.

На пытанне, як прайшлі гады ў зняволенні, несправядліва асуджаны Уладзімір Асіпенка кажа:

«Я вытрымаў. Мне ўсё гэта знаёма як чалавеку вайсковаму, які звыкся да нястачаў. Вядома, паўсталі праблемы са зрокам, адно вока аслепла на 50%, праблемы з зубамі. Памятаю, як дзяжурны калоніі нам сказаў: хто атрымаў тэрмін больш за тры гады, той страціць родных, сувязі і зубы», - кажа палітвязень.

Каментуючы суд і вынесены яму і Мікалаю Аўтуховічу прысуд, Асіпенка кажа:

«Вядома, улады не маглі прызнаць сваёй паразы на судзе. Гэтая справа замоўленая. Мне вядома, хто гэта зрабіў. Пазней скажу, спачатку ўсё абдумаю, узважу. Ні я, ні Мікалай не здзяйснялі гэтага злачынства. У судзе справа развалілася, але яны не маглі гэтага прызнаць. Маглі б і не садзіць нас у турму, маглі абмежавацца тым, што мы ўжо столькі адседзелі да суда. Артыкул, паводле якога нас абвінавацілі, прадугледжваў проста абмежаванне свабоды. Хацелі зламіць, але памыліліся, я ўсё вытрымаў. Галоўная задача цяпер - Мікалай. Я чытаў прэсу і згодны з ім: трэба патрабаваць узбуджэння крымінальнай справы супраць тых, хто вёў следства. Мяне трымалі 6 месяцаў па абвінавачванні ў падпале, якое не пацвердзілася ў судзе. Для такіх следчых у КК ёсць адпаведныя артыкулы. Гэта незаконныя і подлыя дзеянні», - упэўнены прадпрымальнік.

Умоўна-датэрміновае вызваленне абавязвае Уладзіміра Асіпенку пастаянна адзначацца ў міліцыі і забараняе выязджаць за мяжу. «Вельмі хацеў з'ездзіць у Кіеў на магілу сястры, якая памерла, пакуль я быў у турме, але да лютага 2011 года я не магу выязджаць за межы краіны», - сказаў Асіпенка.

Гаворачы пра свае далейшыя планы, былы палітвязень заяўляе, што «не мае намеру сядзець, склаўшы рукі».

«Збіраюся актыўна ўдзельнічаць у апазіцыйнай дзейнасці. Склаўшы рукі, сядзець не буду. Людзі, якія схавалі нас за краты, павінны быць пакараныя», - кажа Асіпенка.

Былы вайсковец з Ваўкавыска Уладзімір Асіпенка праходзіў па адной справе з Мікалаем Аўтуховічам. Асіпенку, як і Аўтуховіча, абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэрактаў супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, але ў судзе гэта пацверджання не знайшло. Уладзімір Асіпенка, аднак, быў прызнаны судом вінаватым у незаконных дзеяннях са зброяй і атрымаў тры гады зняволення. Сваёй віны былы вайсковец не прызнаў і казаў, што яму адпомсцілі за антыкарупцыйную дзейнасць і салідарнасць з Аўтуховічам. За кратамі Уладзімір Асіпенка знаходзіцца з 8 лютага 2009 года.

Мікалай Аўтуховіч па такім жа сфальсіфікаваным, на думку праваабаронцаў, абвінавачванні прысуджаны да 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства