viasna on patreon

Глуск: Сябра БХК Ігар Кірын накіраваў скаргу ў ЦВК

2010 2010-11-08T17:06:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skarga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Глуска, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Ігар Кірын скардзіцца ў Цэнтральную камісію з нагоды таго, што старшыня раённага выбаркама А.Бельскі адмаўляецца рэгістраваць яго назіральнікам пры гэтай камісіі.

Ігар Кірын перадаў у раённую выбрачую камісію заяву 12 выбаршчыкаў аб вылучэнні яго ў якасці назіральніка ў Глускую раённую камісію па выбарах. Заяву прыняў старшыня камісіі Аляксандр Бельскі.  

Пасля таго, як А.Бельскі азнаёміўся з заявай, ён паведаміў Кірыну, што прозвішчы і дадзеныя двух выбаршчыкаў  напісаныя адным почыркам і таму яму трэба правесці праверку па гэтым факце. Назваць канкрэтны дзень, калі праверка будзе праведзеная, Бельскі не здолеў. Але адзначыў, што не дапусціць назірання за працай камісіі, за выключэннем хіба што паседжанняў.

Гэта прымусіла Ігара Кірына падаць скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на імя Лідзіі Ярмошынай.

У скарзе глусчанін спасылаецца на пункт 6 пастановы ЦВК . №49 ад 15 верасня 2010 г “Аб парадку прымянення часткі трэцяй артыкула 13 ВК РБ падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта РБ у 2010 г.”. У пастанове ўказана, што для вылучэння назіральніка дастаткова дзесяці подпісаў выбаршчыкаў. Ігар Кірын адзначае, што нават калі дапусціць, што гэтыя два подпісы несапраўдныя, застаўшыхся 10-ці дастаткова, каб зарэгістраваць яго ў якасці назіральніка. Пры гэтым ён сцвярджае, што два “спрэчныя”подпісы на самой справе сапраўдныя.

“Высунутая А.А. Бельскім прычына адмовы дапусціць мяне ў якасці назіральніка з’яўляецца надуманай і не адпавядае закону. Прашу даць прававую ацэнку дзеянням старшыні Глусскай раённай выбарчай кмісіі”, - піша сябра БХК у скарзе.

Трэба адзначыць, што гэта не першая спроба Ігара Кірына паўдзельнічаць у выбарчым працэсе. Раней яго таксама не ўключылі ў склад Глусскай раённай выбарчай камісіі, куды ён вылучаўся ў якасці прадстаўніка ад13-ці выбаршчыкаў. Тады трое з выбаршчыкаў падалі скаргі ў суд, але суд Глускага раёна адмовіўся разглядаць іх. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства