viasna on patreon

Партызанская ТВК сталіцы ставіць на Цярэшчанку “крыж”, а ў Лукашэнкі выяўляе несапраўдныя подпісы

2010 2010-11-08T01:28:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stop-kontrol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адбылося паседжанне Партызанскай раённай тэрытарыяльнай камісіі г. Мінска. З усіх пададзеных ініцыятыўнымі групамі подпісаў гэтая камісія анулявала за вылучэнне Віктара Цярэшчанкі. Гэты прэтэндэнт падаў у дадзеную камісію 496 падпісных лістоў з 6694 подпісамі, з якіх было праверана 1382, 361 з якіх былі прызнаны несапраўднымі - 15,4%.

Назіральнік Валянціна Свяцкая, якая прысутнічала паседжанні Партызанскай раённай тэрытарыяльнай камісіі, сказала, што Віктар Цярэшчанка неяк асабліва дзіўна падышоў да збору подпісаў вайскоўцаў: “Чамусьці ў падпісных лістах вельмі часта фігураваў асабісты нумар вайскоўца, а не нумар яго ваеннага білета (у выпадку з “тэрміновікамі”) або нумар пашпарта (астатнія катэгорыі вайскоўцаў)”.

Яшчэ чатыры ўжо былыя прэтэндэнты на мандат кандыдата ў прэзідэнты - Сяргей Іваноў, Іван Кулікоў, Пётр Барысаў і Уладзімір Правальскі -- наогул ніякіх сабраных подпісаў і, адпаведна, падпісных лістоў у камісію Партызанскага раёна не падавалі.

З наступных прэтэндэнтаў: Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў, Аляксей Міхалевіч, Дзмітрый Ус, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Статкевіч – “браку” ў подпісах пасля Цярэшчанкі больш за ўсё было выяўлена ў Рыгора Кастусёва - 13% ад правераных.

Калі ж паспрабаваць утварыць своеасаблівы рэйтынг па колькасці здадзеных у дадзеную камісію подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты, то атрымаецца наступны спіс: ЛУКАШЭНКА А.Р. - 10803 подпісы; САННІКАЎ А.А. - 3360; НЯКЛЯЕЎ У.П. - 2714; СТАТКЕВІЧ М.У. - 1832; РАМАНЧУК Я.Ч. - 1684; УС Д.А. - 1633; РЫМАШЭЎСКІ В.А. - 1183; КАСТУСЁЎ Р.А. - 984; МІХАЛЕВІЧ А.А. - 547.

У Андрэя Саннікава і Яраслава Раманчука Партызанская раённая выбарчая камісія наогул не знайшла несапраўдных подпісаў.

Што здзіўляе, так гэта выяўленне браку ў сабраных подпісах у падтрымку цяперашняга кіраўніка дзяржавы - праверыўшы 2146 подпісаў (гэта значыць, 20% ад усёй колькасці здадзеных подпісаў), тэрытарыяльная камісія прызнала 45 з іх несапраўднымі - 2,1% ад усёй колькасці правераных. 

Валянціна Свяцкая адзначае, што яна чакала горшых вынікаў ад праверкі подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты: “Падчас збору подпісаў мы сустракаліся з кіраўнікамі ініцыятыўных груп усіх магчымых кандыдатаў прэзідэнты, і магу суб'ектыўна сказаць, што найбольшую абсалютна відавочную актыўнасць у дадзеным працэсе дэманстравалі толькі тры палітыкі - Андрэй Саннікаў, Яраслаў Раманчук і Уладзімір Някляеў. Ну, яшчэ пахваляліся сваёй масавасцю БРСМ і “Белая Русь”. Магчыма, іншыя палітыкі ўключылі нейкія невядомыя рэсурсы, каб выканаць сапраўды вельмі цяжкую задачу - сабраць неабходную колькасць подпісаў у сталіцы. Заўважу яшчэ, што сябры Партызанскай раённай тэрытарыяльнай камісіі паводзілі ў адносінах да нас - разам са мной на паседжанні камісіі прысутнічала і Тамара Мацкевіч (назіральнік ад грамадскай арганізацыі “Супольнасць”) - гэтым разам сябе карэктна. Нам не прадставілі выніковага пратаколу паседжання камісіі, але далі магчымасць азнаёміцца з вынікамі гэтага паседжання. Магчыма, на паводзіны камісіі паўплывала прысутнасць міжнародных назіральнікаў ад місіі СНД Анвара Ібоева і Марыі Гуцала, а можа, і яшчэ нейкія фактары…”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства