Міжнародны Камітэт абароны журналістаў (CPJ) апублікаваў у Нью-Ёрку штогадовы даклад аб уціску свабоды слова ў сьвеце. Найгоршая сытуацыя з свабодаю слова на тэрыторыі былога Савецкага Зьвязу, на думку арганізацыі, назіраецца ў Беларусі і Туркмэністане (Хартыя-97).
У траўні леташнега году CPJ занёс Беларусь у сьпіс дзесяці краінаў сьвету, дзе сытуацыя з свабодай слова найгоршая. Вось што сказаў у інтэрвію Радыё Свабода каардынатар Камітэту абароны журналістаў у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Алекс Лупіс:
“Туркмэністан застаецца жахлівым месцам для журналістаў. Мы ня маем аніякіх зьвестак пра існаваньне там незалежнай журналістыкі. Беларусь, зразумела, таксама застаецца жахлівым месцам. Некалькі журналістаў там былі зьняволеныя летась у сувязі з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі”.
Нагадаем, што размова тут ідзе пра пакараньне журналістаў гарадзенскай “Пагоні” Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча, а таксама галоўнага рэдактара газэты “Рабочий” Віктара Івашкевіча, асуджаных да розных тэрмінаў абмежаваньня волі. Камітэт абароны журналістаў у сваім дакладзе зьвяртае таксама ўвагу на судовы працэс над групай былых спэцназаўцаў, абвінавачаных, сярод іншага, у выкраданьні і забойстве тэлеапэратара Зьмітра Завадскага. Хаця эпізод са зьнікненьнем Завадскага застаўся нераскрытым, далейшае расьсьледаваньне гэтага эпізоду было прыпыненае, нягледзячы на пратэсты ягоных сваякоў. Цалкам тэкст дакладу Камітэту абароны журналістаў можна прачытаць на сайце www.cpj.org.