viasna on patreon

Участковыя камісіі: “Каэфіцыент дыскрымінацыі” апазіцыі не змяніўся

2010 2010-11-05T23:04:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/press-vybary-05.11.10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 лістапада кампанія “Правабаронцы за свабодныя выбары” правяла прэс-канфэрэнцыю па выніках назірання за фармаваннем участковых выбарчых камісій (УВК). Вынікі, агучаныя старшынём БХК Алегам Гулакам і юрыстам “Вясны” Валянцінам Стэфановічам, маласуцяшальныя для жадаючых бачыць выбары больш дэмакратычнымі. Было канстатавана, што вылучаным ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікам апазіцыйных структур адмаўлялі ў пяць разоў часцей, чым прадстаўнікам лаяльных да ўлады арганізацый. “Каэфіцыент праходнасці” апазіцыі ў выбарчыя камісіі, альбо, як выказаўся А.Гулак, “каэфіцыент дыскрымінацыі”, у параўнанні з мінулымі выбарамі не змяніўся.

Назіральнікі не адмаўляюць наяўнасць некаторага паляпшэння, аднак робяць выснову, што многія змены пакуль засталіся “на паперы”. Як адзначылі правабаронцы, “некаторыя пазітыўныя новаўвядзенні ў выбарчым заканадаўстве ў студзені 2010 г. не змянілі сутнасць працэсу фарміравання УВК: татальны кантроль з боку выканкамаў, якія з’яўляюцца часткай уладнай “вертыкалі” дзеючага Прэзідэнта”. Нагадаем, што пад пазітыўнымі новаўвядзеннямі маецца на ўвазе абмежаванне колькасці дзяржслужачых у складзе камісій, гарантаванае ўключэнне ў склад камісій не менш траціны прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў і магчымасць абскардзіць рашэнні аб стварэнні камісій праз суд. Фармальна заяўленыя прапорцыі і магчымасці сапраўды існуюць, але не на практыцы.

Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, грамадскія арганізацыі ва ўчастковых камісіях прадстаўлены ў большасці толькі пяццю аб’яднаннямі: “Белай Руссю”, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, Беларускім саюзам жанчын, БРСМ і Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў. “Усе разам яны вылучылі 84,8 працэнта прэтэндэнтаў ад усіх грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў”, -- канстатаваў юрыст “Вясны”. На ўсе іншыя грамадскія аб’яднанні краіны прыпадае, такім чынам, 15,2 працэнта. “Яскарава вымалёўваецца тэндэнцыя, што гэтыя арганізацыі з’яўляюцца асноўнымі арганізатарамі выбараў”, -- падвёў рысу правабаронца. Па яго словах, такая ж тэндэнцыя назіралася таксама і падчас фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій.

Крыху лепей выглядае статыстыка па ўключэнні ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый – 17,1 працэнт з усіх вылучаных па Беларусі (пры стварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій гэты паказчык склаў 15 працэнтаў). Але невялікае паляпшэнне ў лічбах праходнасці наўрад ці істотна адаб’ецца на агульнай карціне. Па ўсёй Беларусі ў 3 працэнтах усіх участковых каімісій будуць працаваць толькі 0,25% – чвэрць працэнта! – прадстаўнікоў апазіцыйных партый. 

Правабаронцы заўважаюць, што прыярытэт пры фармаванні камісій быў яўна за лаяльнымі да ўлады партыямі (іх прадстаўнікоў уключана ў склад камімсій 87,7 працэнты ад агульнай колькасці вылучаных), а таксама чатырох згаданых вышэй буйнейшых праўладных грамадскіх арганізацый і аднаго прафсаюза (93,2 працэнты з агульнай колькасці вылучаных). Цікава, што ў Мінскай вобласці праходнасць ва ўчастковыя камісіі сяброў некаторых арганізацый склала ўсе 100 працэнтаў. Гаворка ідзе пра “Белую Русь” і Саюз жанчын, усе вылучаныя прадстаўнікі якога цалкам апынуліся ў складзе камісій вобласці.

Як распавёў Алег Гулак, у Мінску прадстаўнікі ўлады тлумачылі прычыны адмовы ад уключэння апазіцыянераў тым, што яны звычайна заўважаюць недахопы і пішуць скаргі, не жадаючы дамаўляцца з астатнім складам.

Сам працэс фармавання ўчастковых камісій часта праходзіў без назіральнікаў, хоць у многіх выпадках мясцовая ўлада ставілася да іх прыязна, інфармавала і нават запрашала на пасяджэнні. Аднак некаторыя рэгіёны, як, напрыклад, Бабруйск, вызначыліся сваёй жорсткасцю да назіральнікаў. Іх не пускалі на паседжанні па фармаванні камісій, тлумачачы, што такая прысутнасць неправамоцная. Па словах Алега Гулака, сапраўды, гэты момант – прысутнасці назіральнікаў на паседжаннях органаў улады – не прапісаны ў выбарчым заканадаўстве. Але калі гаворка ідзе пра адкрытасць выбарчага працэсу, недапушчэнне да назірання за гэтым этапам становіцца пагрозай для самой адкрытасці.  Прычынай скрытнасці ўладаў, верагодна, з’яўляецца агучаныя А.Гулакам факты, калі назіральнікі выкрывалі на пасяджэннях выканкамаў парушэнні. Напрыклад, былі выпадкі, калі галасаванне праводзілася цалкам за раней сфармаваны спіс складу камісіі, а часам нават не называліся прозвішчы прапаноўваемых у камісію людзей. Часам склад некалькіх камісій у агульнай колькасці паўтары-дзве тысячы чалавек зацвярджаўся за 20 хвілін, прывёў дадзеныя назіральнікаў А.Гулак. “Гэта значыць, што ніякага абмеркавання кандыдатур не адбывалася”, -- робіць выснову ён.

Цяпер правабаронцы назіраюць працэс абскарджвання. “Толькі нашымі юрыстамі складзена 77 скаргаў на неўключэнне ў выбарчыя камісіі”, -- паведаміў Алег Гулак, адзначыўшы, аднак, што “пакуль усе спробы абскардзіць дзеянні выканкамаў былі безвыніковымі”. Тым не менш, на яго думку, патрэбна скарыстаць усе прававыя механізмы, у выніку чаго альбо будуць абароненыя правы грамадзян, альбо будзе атрымана дакументальне пацверджанне таго, што выбары праводзіліся непразрыста.  “Такім чынам, гэты этап выбарчай кампаніі стаў працьвераджальным душам пасля ліберальнага этапу збора подпісаў”, -- гэтак ахарактарызаваў старшыня БХК вынікі фармавання ўчастковых камісій.     

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства