viasna on patreon

Маладэчна: Склад камісій невядомы, час для магчымага абскарджання сыходзіць

2010 2010-11-04T14:40:03+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maladechna-plakat-vub.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Маладэчна ў склад участковых выбарчых камісій дзевяць прадстаўнікоў вылучалі Партыя БНФ, АГП і ГА “БНФ “Адраджэньне”. На паседжанні райвыканкама па фарміраванні УВК афіцыйна прысутнічалі прадстаўнікі гэтых суб’ектаў, але склад камісій ім так і застаўся невядомым.

Абмеркавання складу кожнай камісіі на паседжанні не адбывалася. Удзельнікі паседжання толькі задавалі пытанні накшталт “колькі мужчын?”, “колькі жанчын, моладзі?”, “ці ёсць сярод іх хворыя?”. Потым прагаласавалі за зацверджанне складу ўсіх камісій.

На просьбу прадстаўнікоў апазіцыйных партый паказаць ім спісы, паабяцалі гэта зрабіць пасля паседжання, але і на наступны дзень гэтага не адбылося.

Праваабаронца Аляксей Хвосцік напісаў заяву старшыні райвыканкама Дамаценка з просьбай прадставіць магчымасць азнаёміцца са спісамі сябраў камісій, але той на заяве адзначыў: “Пазначыць мэту атрымання спісаў”. Праваабаронца пісьмова патлумачыў: “Мэта: магчымае абскарджванне ў адпаведнасці з арт.34 Выбарчага кодэкса”. У адказ старшыня напісаў: “Вырашыць у адпаведнасці з заканадаўствам”.

Што гэта значыць – падначаленыя, пэўна, не зразумелі і паабяцалі, у адпаведнасці з райвыканкамаўскім парадкам, даць адказ праз тры дні. Аляксей Хвосцік адзначыў, што ў гэтым выпадку дзейнічае Выбарчы закон, а не выканкамаўскія парадкі, але спісаў УВК па Маладэчанскім раёне яму так і не выдалі.

Такім чынам, калі чакаць адказ райвыканкама, то абскарджваць рашэнне аб утварэнні камісій будзе ўжо позна, бо у адпаведнасці з арт.34 гэта трэба рабіць на працягу трох дзён, пачынаючы з дня прыняцця рашэння. Таму маладэчанскія праваабаронцы ўжо зараз падрыхтавалі скаргу ў суд з патрабаваннем адмяніць рашэнне райвыканкама па ўтварэнні ўчастковых камісій і ўключыць у іх склад прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый, якія падавалі заявы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства