viasna on patreon

Гомель: ЦВК не знайшла парушэнняў заканадаўства ініцыятыўнай групай Лукашэнкі

2010 2010-11-04T13:12:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-vitra-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З Цэнтральнай выбарчай камісіі гомельскаму праваабаронцу Анатолю Паплаўнаму прыйшоў адказ на яго скаргу аб парушэнні заканадаўства ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, праваабаронца стаў сведкам таго, што на прадпрыемстве “Віпра” ГА “Беларускае таварыства глухіх” сябра ініцыятыўнай групы Вікторыя Сёміна ў працоўны час збірала подпісы за дзеючага прэзідэнта. Па назіраннях праваабаронцы, супрацоўнікі выстраіліся ў чаргу да зборшчыцы подпісаў, і можна меркаваць, што гэты працэс быў арганізаваны з удзелам адміністрацыі прадпрыемства, што таксама з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства.

Анатоль Паплаўны патрабаваў ад Цэнтрвыбаркама правесці па дадзеных фактах праверку і вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе А.Лукашэнкі.

Аднак у адказе ЦВК сказана, што парушэнняў не было. Праваабаронцу напісалі, што праверка па ўказаных ім фактах была праведзена з удзелам старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі Мікалаем Стошам. І правяраючыя выявілі, што збор подпісаў адбываўся на прахадной, а не на тэрыторыі прадпрыемства, да таго ж у абедзенны час. А свой пашпарт Сёміна не паказала Паплаўнаму, бо ён нібыта патрабаваў гэтага ў грубай форме і больш таго - перашкаджаў збіраць подпісы.

“Усё было наадварот: збіраліся подпісы ў працоўны час і менавіта на тэрыторыі прадпрыемства, як доказ гэтага маю фотаздымкі, на якіх добра відаць, дзе канкрэтна сядзела Сёміна. І свой пашпарт зборшчыцы забараніў паказваць намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай працы Мікалай Чарнейка, які падышоў да нас падчас размовы, – сцвярджае А.Паплаўны. – Якое дачыненне ён мог мець да гэтай справы?”

Фотаздымкі, якія прадаставіў праваабаронца, сапраўды, выразна сведчаць, дзе на самой справе вёўся збор подпісаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства