Справу былога эксперта з Брэста будзе разглядаць Камітэт па правах чалавека
Паўла Казлова беларускія суды прызналі вінаватым у паклёпе. Цяпер яго справу зарэгістравалі і будуць рыхтаваць да разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН. Пра гэта распавёў Еўрарадыё праваабаронца Раман Кісляк:
Кісляк: "Пенсіянер з Брэста Павел Казлоў атрымаў
паведамленне з Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека аб тым, што
яго зварот зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН. Павел Казлоў
накіроўваў зварот, у якім абскарджваў парушэнне права на справядлівае судовае
разбіральніцтва і права на выказванне свайго меркавання".
У 2006 годзе тэхнічны эксперт Казлоў накіраваў у Міністэрства фінансаў ліст. Ён
рэзка крытыкаваў падрыхтаванасць супрацоўнікаў міністэрства, а пра адну з іх
напісаў, што яна "мае ўзровень сёмага класа і ёсць пустышкай". Суд
аштрафаваў Казлова. Пазней яго судова пазбавілі ліцэнзіі на экспертную
дзейнасць, звінаваціўшы ў памылковай тэхнічнай экспертызе.
Цяпер Камітэт па правах чалавека мае вырашыць, дзе палягае мяжа крытыкі, кажа
юрыст Раман Кісляк.