Сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў кінатэатры "Дружба" ў мінскім мікрараёне Чыжоўка спрабавалі сарваць актывісты незарэгістраванай нацыянальна-бальшавіцкай партыі
1 сакавіка каля 600 чалавек прыйшло на сустрэчу з кандыдатам аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам у кінатэатар “Дружба” ў менскім мікрараёне Чыжоўка. Сустрэча доўжылася дзьве з паловай гадзіны, у цэлым насіла прыязны характар, але была азмрочаная інцыдэнтам з удзелам актывістаў незарэгістраванай нацыянальна-бальшавіцкай партыі, паведаміла радыё Свабода.
У сярэдзіне сустрэчы ў цэнтры перапоўненай залы з аднаго раду ўскочылі каля дзясятка маладых актывістаў нацыянальна-бальшавіцкай партыі, дасталі сваю чырвоную сімболіку з сярпамі і малаткамі, закрычалі “Не - прадажнай апазыцыі!”, раскідалі ўлёткі і кінулі некалькі яек у бок сцэны. Але яйкі не даляцелі.
Прысутныя ў зале хутка скруцілі нацболаў і перадалі ў рукі міліцыі Заводзкага раёну Менску. Адзін з іх так патлумачыў матывы свайго ўчынку перад тым, як усе хуліганы былі адвезеныя ў пастарунак: “Мілінкевіча падтрымлівае Літва, Латвія, Эстонія, грошы адтуль ідуць. А ў Латвіі праходзяць парады эсэсаўцаў”.
Удзельнікі сходу былі абураныя гэтым учынкам, але выказвалі перакананьне, што ён не сапсаваў прыязнай гутаркі з апазыцыйным кандыдатам.
У аднаго з нацболаў, як засьведчыў намесьнік кіраўніка штабу Мілінкевіча Віктар Карняенка, міліцыя знайшла пасьведчаньне сябра БРСМ.