viasna on patreon

У Верхнядзвінскім і Гарадоцкім раёнах вызначыліся з месцамі для агітацыі

2010 2010-11-03T10:50:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viciebshchyna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Першыя два райвыканкамы Віцебшчыны абвясцілі на сваіх афіцыйных сайтах, дзе можна будзе праводзіць агітацыйныя сходы з удзелам кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і дзе размяшчаць друкаваныя агітацыйныя матэрыялы.

На сайце Верхнядзвінскага райвыканкаму размешчана рашэнне мясцовай улады пра месцы для сустрэчаў з кандыдатамі ў памяшканнях і на вуліцы, а таксама пра магчымасці размяшчэння друкаваных агітацыйных сродкаў.

 

Плакаты і іншыя матэрыялы вырашана размяшчаць у месцах, “якія найчасцей наведваюць грамадзяне”. Паводле рашэння райвыканкаму, гэта пераважна крамы, будынкі пошты, банкаў і адміністрацыйныя будынкі прадпрыемстваў, некалькі інфармацыйных стэндаў, а таксама  аўтастанцыя, кірмаш, чатыры сельскія клубы і адзін дом культуры.

На тэрыторыі кожнага з 29 выбарчых участкаў адведзена ў сярэднім па 3-4 месцы для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў. Месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі на вольным паветры вызначана 29. З іх 18 – у памяшканнях  клубаў ці дамоў культуры, і 11 – на вуліцы, пераважна на пляцоўках перад мясцовымі СДК. 

У самім Верхнядзвінску, на думку мясцовай актывісткі Валянціны Болбат, месцы для сустрэч з кандыдатамі вызначаныя нязручна:

“Зручна праводзіць сход хіба толькі каля крамы “Люкс” – там ёсць пляцоўка. А вось каля крамы “Барс” – гэта, практычна, будзе адбывацца на праезжай частцы. Зусім непрыдатнае месца – каля стадыёну. Ён знаходзіцца амаль што за горадам, і ў халодную пару людзі туды проста не ходзяць”.

Актывіст з Гарадка Леанід Гаравы звяртае ўвагу на тое, што ў пералік месцаў для  вулічных сустрэч не трапіў парк “Вераб’ёвы горы” – месца, адмыслова вызначанае райвыканкамам для масавых імпрэзаў. Такім чынам, на ўвесь райцэнтр вызначана адзінае месца – плошча Леніна - дзе кандыдатам прапанавана сустракацца з электаратам. Для жыхароў аддаленых мікрараёнаў гэта не дужа зручна.

Паводле звестак на сайце Гарадоцкага райвыканкаму, для вулічных сустрэч выбаршчыкам рэгіёну прапанавана 19 месцаў – пераважна пляцоўкі перад крамамі ды сельскімі клубамі, і 21 месца - для сустрэч у памяшканнях, таксама пераважна ў сельскіх клубах.

Месцы для размяшчэння нагляднай перадвыбарчай агітацыі на сайце пакуль не апублікаваныя.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства