Па выніках судоў не быў апраўданы ніводзін з затрыманых удзельнікаў мірных акцый, праведзеных ў сакавіку 2003 года ў Беларусі
12, 23, 25 сакавіка 2003 года ў Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні ўдзельнікаў мірных дэманстрацый .Пасьля гэтых акцыяў было асуджана 38 асобаў. З іх былі зьняволеныя 24 асобы, 6 атрымалі штрафы, 8 – папярэджаньні.
“Зараз назіраецца тэндэнцыя, што суды не выносяць апраўдальных пастановаў па адміністратыўнах справах. Прызнаюць вінаватымі ўсіх, нават калі факты сьведчаць, што чалавека трэба апраўдаваць”, -- адзначае юрыст Правабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
24 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну г.Мінска разглядаліся адміністратыўныя справы затрыманых падчас вулічнай акцыі 23 сакавіка, прысьвечанай 85-ым угодкам абвяшчэньня БНР. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі міліцыі ўсяляк імкнуліся перашкодзіць доступу ў будынак суда прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі і праваабарончых арганізацый. Справы разглядаліся вельмі фармальна па тых станадратных праколах, якія пішуць супрацоўнкік міліцыі з 1996 году – “ішоў крычаў, сьвісьцеў, махаў сьцягамі, выкрыкваў “Жыве Беларусь!” і “Ганьба!”
Валянцін Стэфановіч юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”: “Варта адзначыць справу Паўла Севярынца, якога затрымалі прэвентыўна да пачатку акцыі – на аўтобусным прыпынку каля галоўпаштапту . Яго затрымалі асобы ў цывільным, якія паказалі пасьведчаньні, прадставіліся супрацоўнікамі АМАПу і паведамілі, што ён затрымліваецца ў сувязі з падозрэньнем ў зьдзяйсьненьні крадзяжу з бліжэйшай крамы. Яго пасадзілі ў службовую машыну “Жыгулі” . А ў пратаколе аб адмністратыўным правапарушэньні было напісана: “Прымаў актыўны ўдзел у пікетаваньні”. І на судзе супрацоўнікі міліцыіза сьведчылі, што вакол Севярынца стаялі людзі, якім ён нешта расказваў і жэстыкуляваў, з чаго яны зрабілі выснову, што Севярынец зьяўляецца адным з арганізатараў і галоўным удзельнікам акцыі. Севярынец пасьля затрыманьня быў дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёну г.Мінска, адкуль яго перавезьлі ў РУУС Ленінскага раёну. На судзе Севярынец задаваў пытаньні супрацоўнікам міліцыі: “ У які РУУС вы мяне адразу даставілі?” Абодва “сьведкі” адказалі, што ў Ленінскі. З гэтага вынікала, што ў судзе сьведчылі не тыя людзі, якія яго затрымлівалі. У сувязі з тым, што былі супярэчаньні ў паказаньнях, я, зьяўляючыся прадстаўнікм Севярынца, заявіў хадайніцтва аб праглядзе відэаматэрыялаў (акцыя вельмі актыўна здымалася).. Суддзя Церашкова сказала, што яна пойдзе да старшыні суда, бо відэамагнітафон ёсьць толькі ў яго. Потым яна вярнулася і заявіла, што відэаматэрыялы праглядзець немагчыма, бо супрацоўнкі міліцыі прадаставілі кепскую відэакасету, яна “сьняжыць”, на ёй нічога не бачна. Я сьцвярджаў, што супрацоўнкім міліцыі не здолелі даказаць віну Севярынца і прасіў спыніць справу ў сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня. Але суддзя прызнала Севярынца вінаватым і вынесла рашэньне – 10 сутак арышту. Самае цікавае, што калі пачалі разглядаць іншыя справы, відэаматэрыял зьўявіўся. Відэакасета была ў нармальным стане.
Кавальчук Тацяна юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”: Адзначу справу студэнткі Натальлі Васілевіч, якая была затрыманая быццам бы за тое, што актыўна ўдзельнічала ў акцыі, выкрыквала лозунгі “Жыве Беларусь!”. У суд былі выкліканаыя ў якасьці сьведкаў міліцыянты, якія быццам бы праводзлі затрыманьне. І ў судзе выявілася цікавая рэч ... Адзін з міліцыянтаў, які быццам бы затрымоўваў і складаў пратакол, на самай справе не ўдзельнічаў у затрыманьні Гэта выявілася з дапамогай фотаматэрыялаў. Справа ў тым, што Натальля Васілевіч паклапацілася пра доказы. Яна прадставіла стоп- кадр свайго затрыманьня з відэазапісу, зробленага тэлекампаніяй НТВ. Там добра бачная сама Васілевіч, добра бачныя тыя міліцыянты, яікя робяць затрыманьне. Таго міліцыянт, які быў выкліканы ў суд у якасьці сьведкі, зусім не ўдзельнічаў у затрыманьні – яго няма на тым здымку. І было зададзена пытаньне: “ Ці пазнаеце вы сябе на здымку?” Міліцыянт, зразумела, сказаў: “Гэта не я!” Ніякіх абгрунтаваных тлумачэньняў, чаму яго імя фігуруе ў пратаколе, ён прывесьці не здолеў. Тым не менш суддзя праігнаравала гэты факт, адмовіла ў задавальненьні хадайніцтва пра выклік у суд дадатковых сьведкаў і далучэньні да матэрыялаў справы відэазапісу НТВ, на якім можна было сапраўды вызначыць – дзе і што на самай справе адбывалася. На гэтым відэазапісу Н.Васілевіч не было на акцыі ў час, пазначаным у міліцэйскім пратаколе.Тым не менш суддзя, абсалютна праігнараваўшы ўсе гэтыя факт, прызнала дзяўчыну вінаватай і вынесла папярэджаньне.
Юры Чавусаў, юрыст Выканаўчага бюро Асамблеі Няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі: Не выконваліся нават базавыя патрабаваньні Грамадзянскага і Грамадзянскага Працэсуальнага Кодэксаў і Кодэкса аб Адміністратыўных правапарушэньнях. Нікому з затрыманых падчас суда не былі растлумачаныя іх правы, хаця з гэтага павінен пачынацца суд. Хадайніцтвы аб праглядзе відэаматэрыялаў, суддзя без ніякіх падстваў не задавальняў. Так, Павел Знавец заяўляў хадайніцтва аб праглядзе відэаматэрыялаў, яму адмовілі. Знавец быў асуджаны на 10 сутак за ўдзел у акцыі, хаця яго затрымалі прэвентыўна перад пачаткам акцыі. Суддзя Жданок адмовілася выслухаць паказаньні сьведкаў, якія знаходзіліся ў той момант перад кабінетам суддзі і маглі даць паказаньні. Я выступаў ў якасьці прадстаўніка і пытаўся ў міліцыянта: “Чаму вы затрымалі гатага чалавека?” Суддзя зьняў патыньне, бо “яно не датычыцца справы”. Пратаколы былі стандартныя і складзеныя з памылкамі Хаця там было такое, што па пратаколах адзін міліцыянт ў 12.57 здолеў затрымаць 5 чалавек і скласьці на іх пратаколы. Гэта немагчыма фізічна. Калі чалавек патрабаваў адваката, то на яго адразу аказваўся ціск: “Мы цябе зараз адправім ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік, будзеш там трое сутак сядзець. Думай, ці патрэбны табе адвакат!” І гэта словы суддзі! Пасьля адвакат усё ж такі прадастаўляўся. Але ў адносінах людзей, якіх бараніў адвакат, выносілася больш жорсткая пастанова. Хадайніцтвы не задавальняліся са словамі – “Вы такім чынам імкнецеся зацягнуць справу”. Відавочна, што існавала ўстаноўка – разгледзець усе справы ў адзін дзень.
Падрыхтавала Паліна Сьцепаненка