Дзень памяці паўстанцаў 1863 году прайшоў без эксцэсаў і затрыманняў
Палітычныя партыі Гарадзеншчыны 30 кастрычніка правялі традыцыйны штогадовы фэст ў Свіслачы і Свіслацкім раёне – Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. На свята сабраліся актывісты розных партый і рухаў, пераважна нацыянальнай арыентацыі – БНФ, БСДГ, БХД.
Прыехалі людзі з Гародні, Ваўкавыску, Слоніма, Мінску. Урачыстасць складалася з некалькіх частак – ушанавання памяці паўстанцаў на магіле Віктара Каліноўскага ў Свіслачы, ускладання кветак да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў цэнтры гораду, выезд у Якушоўку, дзе была сядзіба Каліноўскіх, а ў наш час усталяваны памятны крыж. На свята наведаліся прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў з старшынём ПБНФ Аляксеем Янукевічам. Таксама з сталіцы прыехалі сустаршыня БХД Павал Севярынец і грамадска-палітычны дзеяч Вячаслаў Сіўчык. Амаль усе сталічныя прамоўцы заклікалі людзей прыязджаць і выходзіць на плошчу 24 лістапада і 19 снежня.
Перад пачаткам святкавання прадстаўнікі міліцыі папярэдзілі прысутных пра захаванне грамадскага парадку. Пасля за прыехаўшымі сачылі толькі людзі ў цывільным. Святкаванне пад бел-чырвона-белымі сцягамі прайшло досыць годна і ўрачыста. Завяршылася ўсё традыцыйным пачастункам у лесе пры вогнішчы, дзе таксама была зладжана імправізаваная выстава кавальскіх вырабаў, прайшла канцэртная частка з удзелам барда Валеры Жамойціна, паэтаў Анатоля Валюка і Славаміра Адамовіча.