viasna on patreon

ЦВК паўшчувала парушальнікаў закона, але без прававых наступстваў

2010 2010-11-01T23:10:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valiancin_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

ЦВК лічыць, што адпраўляць настаўнікаў школаў  і выхавацеляў дзіцячых садкоў збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты А. Лукашэнкі ў працоўны час, да таго ж і не сябраў ініцыятыўнай групы– цалкам законна. Менавіта такую выснову можна зрабіць з адказу старшыні Цэнтральнай камісіі Лідзіі Ярмошынай на скаргу праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, якую той падаваў па факту выяўлення журналістамі “Еўрапейскага радыё для Беларусі” дакумента “Графік удзелу ў пікеце пляцоўка каля рынка “Серабранка” ад 14.10.2010 г.”.

Дакумент, нагадем, быў падпісаны начальнікам аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы Упраўлення адукацыі Ленінскага раёна Мінска А.Н. Насковай, і ўтрымлівае просьбу да кіраўнікоў навучальных установаў “забяспечыць удзел маладых, ініцыятыўных супрацоўнікаў” у пікеце на пляцоўцы ля мінскага рынка “Серабранка”. У графіку быў указаны спіс прозвішчаў сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі,  а таксама спіс адукацыйных установаў з пазначэннем колькасці супрацоўнікаў, якіх гэтыя ўстановы павінны накіраваць для ўдзелу ў пікеце па зборы подпісаў выбаршчыкаў. За кожнай адукацыйнай установай замацаваны канкрэтны дзень і час.

Праваабаронца палічыў, што ўказаныя факты з’яўляюцца недапушчальным выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу на карысць вылучэння кандыдатам у прэзідэнты А.Лукашэнкі, асабліва ў святле таго, што кіраўніком ініцыятыўнай групы апошняга з’яўляецца Міністр адукацыі А.Радзькоў. В.Стэфановіч спаслаўся на тое, што ў адказах на пытанні радыёжурналіста Андрэя Елісеева Анжэла Наскова пацвердзіла факт існавання дадзенага дакумента і патлумачыла, што ініцыятыва аб стварэнні  графіка зыходзіла ад выбарчага штаба А.Лукашэнкі.

Адказ ЦВК аказаўся цалкам прадказальным. Ну не магла ж спадарыня Ярмошына пагадзіцца з праваабаронцам і прызнаць, што ініцыятыўная група А.Лукашэнкі парушыла выбарчы закон (ч.8 арт.61 і ч.3 арт. 73), што, у сваю чаргу, паводле з ч.5 арт.49 ВК, з’яўляцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты. Але зусім пакінуць незаўважным публічнае выкрыццё парушэння закона ЦВК не змагла, таму “звярнулася да кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска з просьбай разгледзець пытанне аб прыцягненні А.Н. Насковай да дысцыплінарнай адказнасці”.

Але лепш тут прывесці цалкам адказ Цэнтральнай камісіі праваабаронцу:

 “Паведамляем, што па Вашым звароце пра дзеянні начальніка аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага райна г. Мінска А.Н. Насковай супрацоўнікам Цэнтральнай камісіі праведзена праверка. Па нашым меркаванні, узгаданыя ў Вашым звароце дзеянні А.Н. Насковай сведчаць аб перавышэнні ёю службовых паўнамоцтваў. У сувязі з гэтым Цэнтральная камісія звярнулася да кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска з просьбай разгледзець пытанне аб прыцягненні А.Н. Насковай да дысцыплінарнай адказнасці.

Не можам пагадзіцца з Вашай высновай аб наяўнасці ў дзеяннях А.Н. Насковай парушэння часткі восьмай артыкула 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У названай норме ўстаноўлена забарона на ўдзел адміністацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збора подпісаў і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за ўнясенне подпіса. Ніводнага з пералічаных парушэнняў не праглядаецца ў дзеяннях А.Н. Насковай, якая склала графік удзелу супрацоўнікаў некалькіх сярэдніх школ і дашкольных устаноў Ленінскага раёна ў пікеце па збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Па-першае, А.Н. Наскова не кіруе ўказанымі ў графіку ўстановамі, па-другое, у графіку ў ліку прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, якія праводзілі пікет па збору подпісаў, указаны прозвішчы толькі сяброў ініцыятыўнай групы. Акрамя таго, у Вашым звароце не прыводзіцца фактаў прымусу ў працэсе збора подпісаў ці ўзнагароджання выбаршчыкаў за ўнясенне подпіса.

З улікам вышэйназванага ў Цэнтральнай камісіі няма падставаў для прыняцця мераў рэагавання”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства