Магілёўскі "Зубр" абвесціў акцыю салідарнасці з актывістам супраціву Яўгенам Суворавым
Ад 14-га лютага моладзевы актывіст знаходзіцца за кратамі. Супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле 435 ч.1 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад мерапрыемстваў, зьвязаных з усеагульным ваенным абавязкам), паведаміла прэс-служба арганізацыі.
Актывісты магілёўскага “Зубра” ўпэўненыя, што гэта – толькі повад для заключэньня актыўнага маладога чалавека пад варту. Гэта пацьвярджаецца і тым, што па заключэньні прызыўной камісіі, Сувораў быў прызнаны непрыдатным да праходжаньня страявой воінскай службы ў мірны час з-за праблемаў са зрокам.
Яўген ніколі не хаваўся ад уладаў, зьяўляўся па павестцы ў ваенкамат. За ўдзел у вулічных акцыях і распаўсюд друкаваных матэрыялаў яго неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, але і яны ня мелі ніякіх да яго прэтэнзіяў на гэты конт.
Яўген Сувораў быў затрыманы міліцыяй 14 лютага 2006 году ў Магілёве за вывешваньне расьцяжкі з заклікам узяць удзел у Дні беларускай салідарнасьці, які праводзіцца ў Беларусі і за яе межамі 16-га чысла кожнага месяцу. Ён быў абвінавачаны ў парушэньні артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу (дробнае хуліганства). Аднак, затрыманьне было выкарыстанае толькі як повад для ўтрыманьня маладога чалавека пад вартай. Адміністрацыйны пратакол пры гэтым нават не разглядаўся.
Зараз Яўген Сувораў знаходзіцца ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Вы можаце падтрымаць актывіста "Зубра", выказаць сваю салідарнасьць з ім, напісаўшы ліст падтрымкі.
Адрас для допісаў:
Куды: 212011 г.Магілёў, вул. Крупскай д.99а СТ4
Каму: Сувораву Яўгену Віктаравічу