viasna on patreon

Брэст: Затрыманыя актывісты ініцыятыўнай групы Рымашэўскага

2010 2010-10-29T16:17:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Інцыдэнт з Дзмітрыем Шурхаем, які ўзначальвае ў Брэсцкай вобласці ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, здарыўся ўвечары 28 кастрычніка на ўездзе ў абласны цэнтр. Машыну, на якой Шурхай вяртаўся з паездкі па рэгіёне і вёз падрыхтаваныя да здачы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі падпісныя лісты за вылучэнне Рымашэўскага, спынілі супрацоўнікі ДАІ. У іх выклікала сумненне прад'яўленае Шурхаем пасведчанне кіроўцы, пасля чаго актывіста выбарчай кампаніі даставілі ў Маскоўскі РУУС г.Брэста.

Дзмітрый Шурхай паспеў паведаміць пра сваё затрыманне свайму памочніку Юрыю Бакуру, які забраў з машыны падпісныя лісты за вылучэнне Рымашэўскага. Даведаўшыся пра гэта, міліцыянеры наладзілі сапраўднае "паляванне" на Бакура і затрымалі яго праз гадзіну ў цэнтры горада. У аддзяленні на Юры Бакура ніякіх пратаколаў не складалі, прычыну затрымання яму не растлумачылі і неўзабаве адпусцілі. Сам актывіст не выключае, што гэта было зроблена дзякуючы ўмяшальніцтву праваабаронцы Рамана Кісляка, якога ён аператыўна паставіў у вядомасць пасля здарэння.

Што датычыць Дзмітрыя Шурхая, то, па яго словах, у Маскоўскім РУУС пра пасведчанне кіроўцы гаворка ўжо не ішла, затое на актывіста збіраліся складаць адміністрацыйны пратакол за нібыта нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Пасля ўмяшальніцтва кіраўніцтва РУУС пратакол складаць не сталі, а самога Шурхая адпусцілі.

Варта адзначыць, што ў Брэсце вельмі актыўна падтрымлівалі вылучэнне Рымашэўскага: па дадзеных штаба гэтага прэтэндэнта, у горадзе над Бугам за яго было сабрана больш за 11 тысяч подпісаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства