viasna on patreon

Віцебск: Напад на пікет ініцыятыўнай групы Някляева

2010 2010-10-29T15:09:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-piket-niekliaeu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ахвярай невядомага хулігана стала пластыкавая фігура патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта, якая выкарыстоўвалася як атрыбут пікета. Збіральнікі подпісаў не пацярпелі, а вось выяве Уладзімера Някляева дасталося – хуліган паваліў яе на зямлю, некалькі разоў ударыўшы кулаком.

Для збіральнікаў подпісаў гэта было поўнай нечаканасцю, сказала Ніна Кавалёва, прадстаўніца ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева:

-- Мы стаім з гэтай фігурай тры дні, людзі нармальна рэагуюць, адны пасміхаюцца, другія ставяцца сур’езна, адзначаюць крэатыўны падыход да кампаніі па зборы подпісаў. Калі да пікета падышоў хлопец у камуфляжнай куртцы, мы ўвагі асаблівай на яго не звярнулі: з нашым “Някляевым” падыходзяць нават проста сфатаграфавацца…  Але гэты хлопец раптам размахнуўся, моўчкі некалькі разоў ударыў па фігуры кулаком, яўна спрабуючы пацэліць у твар. А потым пабег праз вуліцу, мы нават разгледзець яго не паспелі.

Адзінае, што запомнілася ўдзельнікам пікету –  тое, што незнаёмы яўна хаваў свой твар: бейсболка была нацягнутая на самыя вочы, а каўнер курткі падняты.

Звяртацца ў міліцыю збіральнікі пікету не сталі, бо затрымаць хулігана было б наўрад ці магчыма, так хутка ён збег. Тым больш што міліцыя не дужа актыўна рэагуе на такія выклікі. Колькі дзён таму  давялося выклікаць ахоўнікаў правапарадку некалькі разоў, калі яшчэ адзін вулічны хуліган публічна абражаў актывістаў – але кожнага разу ён паспяваў уцячы, пакуль супрацоўнікі міліцыі прыязжалі на выклік. Здаць хулігана ў міліцыю ўдалося толькі тады, калі ўдзельнікі пікету яго самі затрымалі і з паўгадзіны трымалі, скруціўшы  рукі за спіной – аж да самага прыезду міліцэйскага нараду.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Фота: Ніна Кавалёва збірае подпісы з “двайніком” Някляева

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства