Маладэчна: Спроба сарваць пікет з удзелам Аляксандра Мілінкевіча
Пікеты па зборы подпісаў за Рыгора Кастусёва ў Маладэчне ладзіліся амаль кожны дзень з пачатку выбарчай кампаніі. Праблемаў пры гэтым у сябраў ініцыятыўнай групы не было да таго часу, як стала вядома, што ў пікеце будзе ўдзельнічаць Рыгор Кастусёў разам з Аляксандрам Мілінкевічам.
У сераду 27 кастрычніка пікет быў арганізаваны каля крамы “Суседзі”, што месціцца ў гандлёвым цэнтры “Тройка”.
Як толькі пікет быў выстаўлены, да Валянціна Цішко, сябра ініцыятыўнай групы Кастусёва, падыйшоў чалавек у цывільным, які прадставіўся начальнікам аддзела аховы гандлёвага цэнтра. Ён загадаў прыбраць пікет ці прадаставіць дакумент, які дазваляе пікетаванне ў гэтым месцы. Валянцін, спасылаючыся на адпаведнае рашэнне райвыканкама, адмовіўся прыбраць пікет з пляцоўкі гандлёвага цэнтра. Таксама папрасіў яго прадаставіць пасведчанне, каб ведаць, з кім мае справу. Той чалавек сыйшоў, нібыта за пасведчаннем, але назад ужо не вярнуўся.
Затое па прыездзе Аляксандра Мілінкевіча і Рыгора Кастусёва на пікет наведаліся міліцыянты і запатрабавалі ў іх дакументы. На пытанне палітыкаў, у чым жа іх абвінавачваюць, ахоўнікі парадку адказаць не змаглі, маўляў, начальства загадала праверыць дакументы. Мілінкевіч запытаўся: “Хіба вы нас не пазнаеце?”, на што тыя адказалі, што ведаюць яго яшчэ з мінулых выбараў, ды і спадара Кастусёва таксама пазналі.
З міліцыянтамі палітыкі развіталіся са словамі: “Перадайце начальству, што вы нас пазналі, што ў Маладэчне сапраўды былі Кастусёў з Мілінкевічам і адмовіліся паказваць дакументы”.
Не зважаючы на перашкоды, пікет прайшоў удала. Абодва палітыкі доўга размаўлялі з выбаршчыкамі, дыскутавалі і адказвалі на пытанні. Яны былі здзіўленыя, што ў Маладэчне іх ведаюць нават дзеці і падлеткі, якія падыходзілі з просьбай сфатаграфавацца разам.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”