У Брагіне для сябраў БРСМ зладзілі «палітычныя танцы»
Напярэдадні выбараў улада выкарыстоўвае розныя сродкі ўздзеяння на электарат – праграмы па ТБ, прапагандысцкія артыкулы ў дзяржаўных газетах, «адзіныя дні інфармавання насельніцтва», на якіх ідэолагі распавядаюць пра дасягненні беларускай «палітычнай мадэлі». Створаны штабы, рабочыя і аператыўныя групы, грамадскія прыёмныя, пачалі працаваць «гарачыя лініі».
У Брагіне вырашылі падыйсці да прапаганды «нетрадыцыйна» і зладзілі для сябраў БРСМ бясплатную тэматычную дыскатэку «Твой выбар». Як падае Брагінскі райвыканкам на сваім афіцыйным сайце, «мэта мерапрыемства - павышэнне палітычнай актыўнасці моладзі».
«Маладыя людзі ўдзельнічалі ў конкурсах, пераможцы атрымлівалі прызы. Як паведаміла в.а. першага сакратара РК ГА «БРСМ» Наталля Фурс, падобныя тэматычныя вечары плануецца праводзіць у далейшым», - паабяцалі арганізатары моладзі з ліку БРСМ.
Навіна, дарэчы, выстаўлена ў рубрыцы «Навіны выбарчай кампаніі». У гэтай рубрыцы чытачы ні слова не знойдуць аб тым, якія ініцыятыўныя групы зарэгістраваны ў ЦВК і збіраюць подпісы, толькі падаецца інфармацыя, што Сяргей Рыжоў больш не ўдзельнічае ў перадвыбарчай кампаніі. Аднак для заклікаў далучацца да «Белай Русі» ў рубрыцы месца знайшлося.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”