Магілёў: Назіранне расцэньваецца як умяшальніцтва ў працу камісіі
Наведванне праваабаронцам Барысам Бухелем Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі 11 і 15 кастрычніка расцэнена як прамое ўмяшальніцтва ў працу гэтай камісіі. Гэта вынікае з адказу Магілёўскай абласной выбарчай камісіі на скаргу праваабаронцы адносна адсутнасці адзінай працэдуры рэгістрацыі падпісных лістоў.
- Я скардзіўся на тое, што ў сваёй працы камісія не карыстаецца заканадаўствам аб справаводстве, што стварае пэўную блытаніну. Але ў адказе мне патлумачылі, што падчас праверкі факты, якія былі выкладзены мной у скарзе, не пацвердзіліся, а інструкцыя па справаводсте камісіямі папросту не выкарыстоўваецца, бо па сваім статусе Кастрычніцкая раённая выбарчая камісія не з’яўляецца арганізацыяй і працэдура прыёму падпісных лістоў адбываецца ў адпаведнасці з Метадычнымі рэкамендацыямі Цэнтрвыбаркама, - кажа праваабаронца. - У адказе мяне здзівіла тое, што я нібыта ўмешваўся ў працу камісіі. Падчас яе працы я проста прысутнічаў, назіраў, як ідзе рэгістрацыя падпісных лістоў, часам задаваў пытанні. Хіба гэта ёсць умяшальніцтвам?”
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”