Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу Тараса Сургана
Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу віцебскага грамадскага актывіста Тараса Сургана, які вывесіў на мосце бел-чырвона-белы сцяг.
У сваёй скарзе Т. Сурган паведаміў: “16 ліпеня 2009 года я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў РУУС Чыгуначнага раёна г. Віцебску, дзе на мяне быў складзены пратакол па ч.1 ст. 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле пратаколу, мне ставілася ў віну парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі і правядзення пікетавання. Дадзены пратакол 11 жніўня 2009 года быў разгледжаны суддзём суда Чыгуначнага раёна г. Віцебску У. Шыкарэвым, які вынес рашэнне аб пакаранні мяне штрафам у памеры 175 000 рублёў. Акрамя таго, па рашэнні суда ва ўласнасць дзяржавы быў канфіскаваны мой асабісты сцяг бела-чырвона-белага колеру.
Я абскардзіў рашэнне суда Чыгуначнага раёна г. Віцебску ў Віцебскі абласны суд і ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, аднак мае скаргі не былі здаволены.
Лічу, што пры разглядзе ў судзе не было ўстаноўлена, што 16.07.2009 у 20-20 на мосце ім. Блахіна ў г. Віцебску я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаванні. Больш таго, на мой погляд, нельга лічыць вывешванне на мосце нацыянальнага сцяга бела-чырвона-белай расфарбоўкі, які ў перыяд з 1991 па 1995 гады меў статус дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, як пікетаванне. Мэтай маіх дзеянняў было жаданне публічна выказаць свае палітычныя погляды, бо ў гэты дзень у Беларусі адзнаўся Дзень салідарнасці з рэпрэсаванымі. Такое права (свабода меркаванняў) мне гарантавана артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Маё знаходжанне на мосце са сцягам было непрацяглым (не больш за дзесяць хвілін), пасля чаго я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. З-за сваёй кароткачасовасці і бесканфліктнасці мае дзеянні не ўшчамілі правы іншых асоб, не нанеслі шкоды, паколькі ніхто з грамадзян або арганізацый і ўстаноў горада не звярнуўся да мяне з пазовам аб яе кампенсацыі.
Відавочна, што з-за супярэчнасці маіх палітычных поглядаў з цяперашнімі ідэалагічнымі ўстаноўкамі беларускіх улад я падвергся пакаранню. Гэтая акалічнасць прымусіла мяне прыйсці да меркавання, што маё затрыманне і вынесены ў адносінах да мяне штраф і канфіскацыя сцяга з'яўляецца дыскрымінацыяй мяне па палітычных матывах”.
Тарас Сурган просіць “…прыняць рашэнне, па якім прызнаць скаргу абгрунтаванай, а Рэспубліку Беларусь парушальнікам: артыкула 19 часткі 2, артыкула 26 Факультатыўнага пратаколу да МПГПП. Прапанаваць Рэспубліцы Беларусь выправіць дапушчаныя парушэнні і аднавіць мае правы, а таксама пакрыць мне маральную шкоду ў выглядзе грашовай кампенсацыі”.
Камітэт па правах чалавека ААН, прыняўшы скаргу да разгляду, звярнуўся да беларускай дзяржавы ў 6- месячны тэрмін даць тлумачэнні па справе.
Па словах в віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, на працягу 2010 года Камітэтам па правах чалавека ААН было зарэгістравана 9 скаргаў з Віцебска.