viasna on patreon

Сябра Мінскай гарадской камісіі: “Ініцыятыўнай групе А.Лукашэнкі неабходна вынесці папярэджанне” (відэа збору подпісаў не сябрамі ініцыятыўнай групы)

2010 2010-10-26T14:23:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siamdzianava_halina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галіна Сямдзянава

Галіна Сямдзянава

Ініцыятыўнай групе А.Лукашэнкі неабходна вынесці папярэджанне -- у гэтым упэўненая сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі юрыст Галіна Сямдзянава, якая ўдзельнічала ў разглядзе скаргі Мікіты Краснова і Вячаслава Дзіянава на парушэнні пры зборы подпісаў за вылучэнне на прэзідэнцкі пост А.Лукашэнкі сяброў яго ініцыятыўнай групы Г. Атаманава і А.Хмыля. 

Мікіта Красноў разам з Вячаславам Дзіянавым выкрыў шэраг фактаў парушэння закону з боку ініцыятыўнай групы па вылучэнню на выбарах дзеючага прэзідэнта. Мы папрасілі яго распавесці пра перадгісторыю і развіццё падзей.   

-- Гэтай вясной я балатаваўся на мясцовых выбарах у Мінскі гарсавет. Мяне не зарэгістравалі ў кандыдаты ў дэпутаты таму, што, на думку выбарчай камісіі Заводскага раёна, падпісныя лісты былі сабраны не сябрамі ініцыятыўнай групы. Мы вырашылі праверыць, ці маюць падобныя парушэнні на гэтых выбарах ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзідэнты. Самае цікавае, што мы знайшлі 6 парушэнняў на працягу 2 гадзін. Праехалі 6 пікетаў, якія збіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. У двух з іх мы змаглі даведацца прозвішчы тых членаў ініцыятыўнай групы, якія былі, на меркаванне пікетоўшчыкаў, “адказныя” за гэтыя пікеты, хаця і не збіралі подпісы. На падставе гэтых фактаў мы знялі відэа, на якім бачна, што подпісы збіраюцца не сябрамі ініцыятыўнай групы А.Г. Лукашэнкі, і даслалі гэтыя дадзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію.  Цікава, што праз сем дзён, калі мы пачалі перадаваць нашыя відэаматэрыялы ў гарадскую камісію Мінска, нам там паведамілі, што напрацягу 5 дзён гарадская выбарчая камісія праводзіла праверку па нашай скарзе сумесна з раённымі выбарчымі камісіямі. І мы даведаліся, што ў выбарчай камісіі не знайшлі ніякіх  парушэнняў на працягу пяці дзён. Нас гэта вельмі ўразіла, і таму, выйшаўшы з Мінскай гарадской камісіі, мы адразу вырашылі праехаць па цэнтру горада і, калі ўбачым яшчэ адзін пікет, зноў спытаць пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы. Мы выйшлі з метро на плошчы Я.Коласа, там стаяў пікет, які збіраў подпісы за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Мы спыталіся: “Ці ёсць у вас пасведчанні?” – і людзі, якія там стаялі, сказалі: “Не, мы не маем пасведчанняў”.  Гэта адбылося на працягу 30 хвілін. Нам не зразумела было, як можна 5 дзён правяраць нашы дадзеныя і не знайсці нічога. На падставе знойдзеных новых парушэнняў на плошчы Якуба Коласа мы падалі скаргу на сябра ініцыятыўнай групы Шаўцова Дзмітрыя Яўгенавіча, які прысутнічаў на пікеце, але стаяў збоку і фактычна нічога не рабіў, таму што сядзелі побач нейкія дзяўчынкі і збіралі подпісы.

-- Спадар Мікіта, на ваш погляд, людзі, якія збіраюць подпісы за вылучэнне А.Лукашэнкі, добра ведаюць беларускае заканадаўства?

-- Мяне найбольш  уразіла, што сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі не разумеюць увогуле, чаму яны не могуць прыцягваць сваіх студэнтаў, падначаленых для збору подпісаў, чаму яны павінны самі запісваць пашпартныя дадзеныя. Складаецца ўражанне, што сябры ініцыятыўнай групы ўвогуле не разумеюць, навошта ім выдаюць пасведчанне і што яго патрэбна выкарыстоўваць пры зборы подпісаў.   

 

Сябра Мінскай гарадской выбарчай камісіі юрыст Галіна Сямдзянава ўдзельнічала ў разглядзе скаргі Мікіты Краснова і Вячаслава Дзіянава і рашэнне камісіі падтрымала, але, тым ня менш, прыклала да яго сваё асабістае меркаванне. У прыватнасці, у ім гаворыцца: “Паважаючы заслугі дэпутата – старшыні камісіі Мінгарсавета – члена прэзідыюма гр. Атаманава Г.П. і ганаровага “Мінчаніна года”, лаўрэата дзяржаўнай прэміі за падручнікі гр. Хмыля А.А., я тым не менш канстатую, што яны перабольшылі свае паўнамоцтвы і парушылі ч. 8 і 10 артыкула 61 Выбарчага кодэкса. І лічу, што ініцыятыўнай групе А.Лукашэнкі, асобы, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты, неабходна вынесці папярэджанне, дзеля чаго перадаць усе матэрыялы па скарзе ў ЦВК для прыняцця мер”.   

Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю саму спадарыню Галіну.   

-- Галіна Георгіеўна, раскажыце, калі ласка, як адбываўся працэс разгляду скаргі ў Мінскай гарадской камісіі?

-- Скарга Мікіты Краснова была накіравана ў Цэнтральную выбарчую камісію. Замест таго каб разглядаць гэтае пытанне, Цэнтральная выбарчая камісія накіравала гэтую скаргу ў гарадскую камісію. І так здарылася, што яна трапіла ў камісію ў той час, калі я там дзяжурыла. Я вельмі здзівілася: чаму Цэнтральная выбарчая камісія скаргу на дзеянні сябраў ініцыятыўнай групы перадала гарадской камісіі? Бо ініцыятыўную групу рэгіструе Цэнтральная выбарчая камісія. І яна нясе адказнасць за дзейнасць сяброў ініцыятыўнай групы. І калі такая скарга была на спадара Някляева, то разбірала менавіта Цэнтральная выбарчая камісія гэтую скаргу. Калі скарга -- на спадара Лукашэнку, то перадалі чамусьці на гарадскую камісію. Мяне гэта вельмі здзівіла.

Я хацела да пасяджэння азнаёміцца з тлумачэннямі, якія далі людзі, на якіх скардзіліся. Але на чарговым дзяжурстве гэтых тлумачэнняў я не ўбачыла. Таму перад паседжаннем апазіцыйныя прадстаўнікі ў гарадской камісіі – гэта Хадыка, я і Сігаеў – сабраліся, паглядзелі відэа, знятае асобамі, якія скардзіліся, і прачыталі тое тлумачэнне, якое даў спадар Атаманаў.  Мы былі падрыхтаваны да паседжання, і я, ведаючы склад і настрой камісіі, разумела, што гэта рашэнне не будзе прынята. Таму я падрыхтавала асабістую думку. Калі б раптам камісія прыняла справядлівае, на мой погляд, рашэнне, я б гэтую асабістую думку проста не дадавала. Але мы толькі галасавалі за тое, каб інфармаваць раённыя камісіі горада Мінска аб тым, што адбывалася на паседжанні гарадской камісіі, і калі яны будуць правяраць подпісы, каб яны гэта ўлічвалі. І другое: інфармаваць Цэнтральную выбарчую камісію аб тым, што адбылося на пасяджэнні. Але я не цалкам згодна з гэтай пастановай, бо трэба не інфармаваць камісію, а перадаць на яе разгляд, бо рашэнне па гэтых людзях, сябрах ініцыятыўнай групы, павінна прымаць менавіта Цэнтральная камісія – таму туды заяўнікі і звярнуліся. Я гэта ўсё выклала пісьмова ў сваёй асабістай думцы.

-- То бок можна назваць рашэнне, якое прыняла мінская гарадская камісія, палавінчатым?

-- Так, з аднаго боку. Разумееце, камісія проста не мае такога права – прыняць нейкае іншае рашэнне. Яна пастаўлена ў такія ўмовы, каб яна і не магла прыняць рашэнне. Я разумею, чаму Цэнтральная камісія перадала гэтае рашэнне ў гарадскую. На паседжанні Цэнтральнай камісіі прысутнічае вялікая колькасць  назіральнікаў, у тым ліку міжнародных, прысутнічае прэса, і калі будуць разглядацца такія пытанні, то гэта стане шырока вядома. Калі гэта робіцца на гарадской камісіі, то такой агалоскі не будзе. Там прысутнічалі толькі асобы, якія былі запрошаны, -- тыя, хто падаваў скаргу, на каго падавалі, -- і былі прадстаўнікі камісіяў, у якіх будуць правярацца гэтыя подпісы. Ці, больш дакладна, на тэрыторыі якіх адбываліся падзеі, бо правярацца подпісы, якія збіраюцца ў горадзе, будуць ва ўсіх раёнах. Людзі ў пікеце падыходзяць з розных раёнаў і ставяць подпісы.

-- Ці маеце вы нейкія планы адносна развіцця падзеяў – напрыклад, ці звернецеся ў ЦВК?

-- Думаю, што я асабіста буду звяртацца ў ЦВК. Вывучыўшы тыя метадычныя рэкамендацыі, якія дала Цэнтральная выбарчая камісія, лічу, што Цэнтральная выбарчая камісія перабольшыла свае правы і дазволіла сабе трактаваць закон і даваць большыя магчымасці сябрам ініцыятыўных групаў, чым гэта прадугледжана законам. Трактуючы так адну частку атрыкула 61, выбарчая камісія тым самым зводзіць на нуль іншую частку гэтага ж 61-га артыкула. Бо калі дазваляецца падпісныя лісты запаўняць усім, хто хоча, гэта не дае магчымасці праверыць, ці збіраў падпісныя лісты менавіта сябра ініцыятыўнай групы, які там занатаваны і паставіў свой подпіс. Гэта гаворыць пра тое, што гэта выгадна ў нас толькі адной асобе.

Наколькі я ведаю, гэта не адзіная скарга, што ёсць у Беларусі. Такія скаргі ёсць і ў Берасцейскай, і ў Магілёўскай, і ў Гомельскай абласцях, такія скаргі ёсць на Гарадзеншчыне – аб выкарстанні адміністрацыйнага рэсурсу. Я ведаю, што была напісана скарга на паўсюднае агульнае парушэнне заканадаўства ў Цэнтральную выбарчую камісію, але ніякай рэакцы на гэта таксама  няма – Цэнтральная камісія адказвае, што ўсё робіцца ў межах закона. Таму я таксама не задаволена гэтым і маю права выказаць сваё меркаванне. Я ведаю, які вынік будзе з гэтага звароту, але тым не менш я, як кажуць, не магу маўчаць.    

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства