Намеснік міністра інфармацыі праінструктаваў раённыя СМІ
Як стала вядома "Праваабаронцам за свабодныя выбары", 22 верасня намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук сустрэўся з калектывамі буйнейшых салігорскіх дзяржаўных СМІ - Салігорскага тэлеканала і газеты “Шахцёр”. Чыноўнік тлумачыў журналістам, як неабходна асвятляць падзеі рэгіёна, горада і краіны, а таксама маючы адбыцца 4-ы Усебеларускі народны сход.
У прысутнасці начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінаблвыканкама Руслана Трухана, намесніка старшыні Салігорскага райвыканкама па ідэалагічных пытаннях Анатоля Казакевіча і начальніцы аддзела ідэалагічнай працы Ларысы Жукавай, намеснік міністра распавёў пра "журналісцкую этыку і канструктыўны падыход" да кожнай праблемы. "Наша дзейнасць мусіць быць звязана ў канструктывізме ўсіх галінаў улады, усіх грамадскіх аб'яднанняў," - заявіў Аляксандар Слабадчук у студыі тэлеканала СТК. Галоўнай задачай для СМІ было пастаўлена асвятленне поспехаў народнай гаспадаркі за апошнюю пяцігодку.
Гэтую сутрэчу можна разглядаць як пэўны сігнал дзяржаўным СМІ для актывізацыі працы па ўсхваленні кіруючага ладу напярэдадні выбараў. Усебеларускі сход можна будзе лічыць стартам для падобнага кшталту публікацый.
Адзначым, што прадстаўнікоў адносна незалежных выданняў "Лидер-Пресс" і "Электронный Солигорск" на сустрэчы не было. Не былі запрошаны і журналісты газеты "Інфа-Кур'ер" і сайта "САЛІГОСРК.org", якія асвятляюць выбарчую тэматыку з розных бакоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”