Бялынічы: Усебеларускі народны сход важней за выбары?
У апошніх нумарах раённай газеты “Зара над Друццю”, заснавальнікамі якой з’яўляюцца Бялыніцкі райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў, тэма маючых адбыцца выбараў наогул не ўзгадваецца. Цэнтральная тэма двух апошніх нумароў газеты - 4 Усебеларускі народны сход, які павінен прайсці ў Мінску 6-7 снежня гэтага года. Магчыма, на думку журналістаў раённай газеты, гэты сход з’яўляецца для жыхароў Бялыніцкага раёна больш важнай падзеяй, чым маючыя адбыцца 19 снежня выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Разам з тым, падзеі, звязаныя з выбарчай кампаніяй, хаця і не адлюстроўваюцца на старонках дзяржвыдання, але ўсё ж адбывабюцца.
На гэтым тыдні пры Бялыніцкай раённай камісіі былі зарэгістраваны два новых назіральнікі. Назіраць за дзейнасцю раённай камісіі будуць дэпутат Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Васілій Забаронак і прадстаўнік раённай арганізацыі БРСМ Яўгеній Валевіч. Пра павелічэнне колькасці назіральнікаў паведаміла старшыня Бялыніцкай раённай камісіі, начальнік ідэалагічнага аддзела Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава. Такім чынам, зараз за дзейнасцю раённай камісіі будуць назіраць тры чалавекі, бо крыху раней, 12 кастрычніка, у якасці назіральніка быў зарэгістраваны вылучаны шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў бялыніцкі незалежны журналіст Барыс Вырвіч.
Паболела ў гарадскім пасёлку і нагляднай інфармацыі аб тым, што 19 снежня 2010 года ў краіне адбудуцца выбары прэзідэнта. Чырвона-зялёныя плакаты з’явіліся на сценах адміністрацыйных будынкаў, ва ўстановах адукацыі і дзіцячых дашкольных установах, вітрынах крам.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.